18 работ амерыканскага мастака Марка Подваля выставілі ў гродзенскай сінагозе 14 красавіка. Усе працы звязаны з жыццём горада Дамброва Беластоцкая і яўрэйскімі каранямі мастака ў гэтым месцы.
Работы Марка Подваля заснаваныя на тым, што бачыў мастак у Дамброве, і на тым, што ён чуў ад сталых жыхароў. Працы ўключаюць нечаканыя гумарыстычныя супастаўленні.
Адзін з арганізатараў выставы «Кадыш па Дамброве Беластоцкай» Яўген Калодзін кажа, што галоўная думка гэтых прац — паказаць пранікненне культур і ўплыў адной на другую, у дадзеным выпадку яўрэйскай на польскую.
«Гэта настальгія аб знішчаным яўрэйстве Еўропы, даніна памяці ім, успамін пазітыву, які вучыць нас сёння многаму. Важна тое, што Дамброва да вайны была не Беластоцкая, а Гродзенская. І сувязь паміж такімі мястэчкамі як Дамброва і Гродна была непарыўная. Мостам была яўрэйская абшчына, колькасць якой ад агулу насельніцтва да вайны даходзіла да 70−80%.
Але ўсё ж галоўная ідэя гэтай, як і падобных выстаў - знайсці страчаныя гістарычныя масты добрасуседскага жыцця розных народаў, з рознымі поглядамі, але якія маюць павагу адзін да аднаго".
Выстава ў сiнагозе бясплатная.
Ёсць верагоднасць, што 1 мая прыедзе ў Гродна і сам аўтар Марк Подваль з Нью-Ёрка, а таксама дэлегацыя настаўнікаў з Дамбровы і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса (Польшчы, ЗША і Ізраіля).