Пазнаёміцца з жыхарамі маленькага італьянскага мястэчка Афена прапануе гродзенцам мастачка Влада Шамава. Яна нарадзілася і вырасла ў Гродне, а зараз жыве ў Празе. У італьянкай вёсачцы дзяўчына праводзіла адпачынак. Краявіды і жыхары Афены натхнілі яе на мастацкі праект «Італьянскія гісторыі. Акварэль». Праект складаецца з малюнкаў дамоў і фотаздымкаў іх жыхароў. Вернісаж выставы пройдзе ў Вялікай Харальнай сінагозе 15 жніўня. Для Hrodna.life Влада распавяла аб працы над праектам.

«Збіралася проста маляваць»

«Мы з мужам знайшлі домік у арэнду праз інтэрнэт і паехалі ў Італію. Звычайная праца мастака — гэта не толькі фарбы і пэнзлі. Шмат часу і высілкаў займаюць і пошук замоваў, і спробы прадаць гатовыя працы. У адпачынку я хацела проста маляваць».

“Нават сабака адзін на ўсіх”. Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

У Афене, дзе пасялілася мастачка, жыве каля 400 чалавек. Амаль усе яны — сталыя людзі. Моладзь з’ехала з вёскі ў вялікія гарады. З культурных аб’ектаў там — школа, крама і мэрыя. Праўда, і школа, і крама, большасць часу былі зачыненыя. Школа — таму што канікулы, а крама — таму што можна ў любы час зайсці да прадавачкі і папрасіць адкрыць. Гэта нікога не напружвае — усе ўсіх ведаюць.

Нават сабака ў вёсцы быў агульны. Ён называўся Нувала — значыць «воблака». «Такі белы, пухнаты, сяброўскі. Яго ўся вуліца карміла і ніхто не крыўдзіў. Са мной Нувала хадзіў на пленэры. Калі мы прыехалі, ён сустракаў нас каля дома, нібы ведаў і даўно чакаў».

«Захацелася зрабіць ім падарунак»

Новыя людзі ў вёсцы застаюцца незнаёмымі нядоўга. Мясцовыя, пабачыўшы мастачку за працай, падыходзілі цікавіцца малюнкамі.

“Нават сабака адзін на ўсіх”. Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

«Потым ідзеш па вёсцы: усе яшчэ здалёк вітаюцца, падыходзяць пагаварыць. Ці машына едзе, сігналіць — думаеш, што здарылася? А там пытаюцца: як справы, як жыццё. Значыць, мы ўжо знаёмыя».

«Там усе дамы такія, што немагчыма было не маляваць. Не трэба было хадзіць і вышукваць — толькі выбірай. Тут каля дома цікавы парасон. Тут зручна прысесці ў цяньку, бо на сонцы доўга не папрацуеш. Тут — цікавы рэльеф, а тут гаспадар за рагом дома цэлы дзень грае на гітары».

Побач з вёсачкай была ферма з каровамі, дзе заўжды можна было набыць свежае малако, мацарэлу ці рыкоту. Гаспадара фермы звалі Дзіно. Влада называла яго пра сябе «Дыназаўрам» — так лягчэй было запомніць імя. «Ён вельмі добры. Пастаянна меў для нас нейкія пачастункі - то малако, то сыр, то нейкі дэсерт прынясе пакаштаваць.

Адна бабулечка неяк прынесла нам шакалад. Прыйшла, амаль без словаў аддала і хуценька сышла. Увесь час суседзі запрашалі на каву. Я не магу піць такую моцную, як яны гатуюць, і казала — ці можна проста панюхаць. Яны згаджаліся і прыносілі філіжанку, каб я працавала ў водары кавы".

«Мне так спадабалася ўвесь час атрымоўваць падарункі, што захацелася таксама зрабіць падарунак жыхарам вёскі. Вырашыла, раз у мяне адпачынак — буду тварыць дабро проста так: зраблю выставу і падару ім малюнкі. Таксама паабяцала паказаць выставу ў Гродне і ў Празе, а потым у іншых краінах, каб пра цудоўных жыхароў Афены даведаўся свет».

За маляваннем Влада пазнаёмілася і з суседам Фурыа. Ён прапанаваў павазіць па акрузе, паказаць мясцовасць. «Ён там усіх ведаў і мяне з усімі знаёміў. Таксама дапамог арганізаваць выставу. Прыйшлі з ім разам да мэра і дамовіліся паказаць малюнкі жыхарам».

“Нават сабака адзін на ўсіх”. Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

«Яны смяюцца вачыма, нават калі скардзяцца на жыццё»

Самым складаным было ўгаварыць вяскоўцаў сфатаграфавацца. «Спачатку многія бянтэжыліся і адмаўляліся. Асабліва жанчыны. Казалі, што яны то надта старыя для фота, то не надта прыгожыя, то ні пры парадзе. Але са мною быў Фурыа і яго абаянне дапамагло. Потым яшчэ некалькі дзён хадзіла па вёсцы і запрашала ўсіх наведаць выставу. Для іх гэта была падзея, да каторай трэба рыхтавацца. Значыць — як мінімум пакінуць на некалькі гадзін хатнюю працу і заранёў прыгатаваць вячэру».

“Нават сабака адзін на ўсіх”. Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

У сваіх клопатах пра дом італьянскія сталыя жанчыны нагадалі Владзе беларускіх. Толькі нашы ўвесь час нешта вяжуць, а тыя — прыбіраюць у хаце ці каля дома. «Але паміж імі ёсць і вялікае адрозненне. Італьянскія бабулечкі нават калі скардзяцца, што „Італія ўжо не тая“, усё роўна вачамі ўсміхаюцца. Нашых вясковых жанчын вылучае сумная мудрасць у вачах».

Пра гэту «сумную мудрасць» Влада таксама рабіла фотапраект, яшчэ калі была студэнткай.

«Мне вельмі падабаюцца сталыя людзі. З імі заўжды цікава. Зараз я працую больш з дарослымі і падлеткамі, але бачу, як падобна да дзяцей бачаць свет сталыя. Што да жыхароў Афены, яны падаліся мне вельмі мілымі. Многім ужо за 70, а яны да гэтага часу пішуць мне ў фэйсбуку розныя прыемныя рэчы. Гэта кранае».

Наступныя гісторыі будуць з Гродна

Зараз Влада прыглядаецца да старых домікаў Гродна і іх жыхароў. Мастачка мяркуе зрабіць падобную выставу пра свой горад, каб наступным разам паказаць яе італьянскім сябрам у Афене.

“Нават сабака адзін на ўсіх”. Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life