Беларусь прапануе польскім інвестарам паўдзельнічаць у рэканструкцыі Лідскага замка, заявіў дэпутат і кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы Андрэй Навумовіч, перадае Белта.
Такую заяву Андрэй Навумовіч зрабіў перад пачаткам сустрэчы польска-беларускай парламенцкай групы на чале з дэпутатам Сейма Польшчы Адамам Андрушкевічам з членамі Асацыяцыі польскага бізнесу ў Беларусі. Польская дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі ўжо трэці дзень.
«Учора мы наведвалі ў тым ліку і Лідскі замак. Паколькі я з’яўляюся дэпутатам ад Лідскага рэгіёну, то мне б хацелася,
выкарыстоўваючы магчымасці трансгранічнага супрацоўніцтва, прыцягнуць сродкі польскіх інвестараў для завяршэння будаўніцтва. Гэта сапраўды знакавы аб’ект для Беларусі «, — сказаў Навумовіч і адзначыў, што такая прапанова ўжо агучана калегам з Польшчы і будзе абмяркоўвацца.
Суразмоўца патлумачыў, што дыялог з дэпутатамі з Польшчы выбудаваны адкрыты і даверны.
«У нас няма закрытых тэм, мы абмяркоўваем усе пытанні - ад палітыкі і эканомікі да сацыяльнага развіцця, уключаючы ахову здароўя, культуру і адукацыю. Акрамя таго, мы разлічваем на прыцягненне польскіх інвестыцый, польскага капіталу ў Беларусь. Тавараабарот у $ 2 млрд, які маем цяпер, — не паказчык. У нас ёсць усе падставы, каб мы прыраслі яшчэ на $ 1 млрд. І задача нашай камісіі - вывесці беларуска-польскія адносіны на новы якасны ўзровень», — рэзюмаваў ён.
Старшыня польска-беларускай парламенцкай групы Адам Андрушкевіч таксама падкрэсліў, што галоўная задача візіту — абмеркаванне эканамічных пытанняў.
«Наша сённяшняя сустрэча і ўвесь візіт у Беларусь праходзіць пад знакам эканамічнага супрацоўніцтва, таму мы сустракаемся не толькі з дэпутатамі, але і з прадстаўнікамі бізнесу. Мы ўжо наведалі дастаткова прасунутыя прадпрыемства ў Навагрудку і Лідзе і бачым, што краіны могуць паспяхова працаваць разам», — сказаў ён.
[irp posts="18 402″ name="У Гродне бацькі змагаюцца супраць русіфікацыі польскай школы. Дыялог пра мову выкладання ідзе на трэці круг"]