У нядзелю 9 красавіка каталiцкая моладзь з розных парафій вобласці на чале з біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам, пасля малітвы каля Бернардынскага касцёла, прайшла хрэсным ходам да Фарнага, дзе было святочнае набажэнства ў гонар Вербнай нядзелі.
Вербная нядзеля адзначаецца ў царкве на ўспамін уезду Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Тады людзі радасна віталі Хрыста як свайго цара. На знак праслаўлення яны сцялілі яму пад ногі галінкі пальмаў ды ўласнае адзенне. Таму Вербную нядзелю яшчэ называюць Пальмавай.
У гэты дзень каталiцкая моладзь з розных парафій вобласцi падрыхтавала, як і штогод, вялізныя «пальмы» даўжынёй тры-чатыры метры. Яны неафіцыйна спаборнічаюць па арыгінальнасці, прыгажосці і нават даўжыні.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе Вербніца супала ў каталікоў, праваслаўных i пратэстантаў. Праз тыдзень ужо свята Пасхi, якое таксама будуць адзначаць у трох царкоўных календарах.