Акцыя ў падтрымку безнаглядных жывёл прайшла ў гандлёвым цэнтры Old City 8 красавіка. Арганiзатары адзначылі, што за дзве гадзіны здолелі назбіраць больш за 100 аброжаў, павадкоў, місак, а таксама 150 кг корму і розных іншых прадуктаў для жывёл.

У атрыуме гандлёвага цэнтра скульптары Улад Лісін і Яўген Вінакураў прадставілі арт-інсталяцыю, у стварэнні якой былі сумешчаныя тры віды мастацтва: фатаграфія, скульптура і жывапіс.

Цэнтральнай часткай інсталяцыі стала скульптура сабакі, выкананая ў поўны рост, пад назвай «Сабака Баскервiлька». Для яе стварэння выкарыстоўваліся фатаграфіі жывёл з пункта часовага ўтрымання Спецаўтагаспадаркі і фатаграфіі хатніх жывёл, каб прадэманстраваць, што ў рэальнасці ўсе жывёлы аднолькава прыгожыя, а ўсе ўмоўнасці ствараюцца штучна.

Па перыметры экспазіцыі былі размешчаны каркасы пяці скульптур сабак, якія размалёўвалі гродзенцы. Акрамя гэтага, спецыялісты па аквагрыме размалёўвалі мінакоў пад котак, сабак і іншых жывёл.

У Old City на дабрачыннай акцыі сабралі двухмесячны рацыён кармоў для жывёл з САГа
Арганізатары акцыі
«Кожны наведвальнік мог прынесці корм для жывёл, зрабіўшы ахвяраванне ў адмысловую фатаграфічную арт-міску, — кажа арганізатар Сяргей Іваноў. — Сабраны практычна двухмесячны рацыён кармоў і прадуктаў для жывёл, а гэта выдатны вынік. А колькі яшчэ прынясуць! Валанцёры САГа будуць кожны дзень забіраць з гандлёвага цэнтра ўсё, што будуць прыносiць людзi. Актыўна ўдзельнічае ў акцыі сетка крам „Зоосфера“. Да акцыi падключаны імпарцёры з усёй краіны».

Зараз Фотаздымкі з мерапрыемства актыўна размяшчаюцца ў сацыяльных сетках з хэштэгам акцыі #OldCitygaf. Незвычайная экспазіцыя будзе знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры да 23 красавіка і кожны наведвальнік можа падтрымаць жывёл.