У Гродне з пачатку студзеня пачаў працу валанцёрскі атрад па выратаванні жывёл «Искандер-Н». Яго мэта: абарона, выратаванне і пошук жывёл. Зараз атрад набірае актывістаў.

Галоўная мэта атрада — аказваць дапамогу жывёлам у некалькіх кірунках: пошук зніклых, аказанне дапамогі ў рэжыме надзвычайных сітуацый i барацьба з жорсткім абыходжаннем.

Усё, што атрад робіць для дапамогі жывёлам, робіцца выключна за асабістыя сродкі добраахвотнікаў. У будучыні дзейнасць атрада будзе ўзгадняцца з міліцыяй і МНС.

Самы важны рэсурс — людзі

Атрад быў заснаваны ў 2014 годзе ў Мінску пад назвай «Добрыя рукі», аднак 10 сакавіка 2017 года ён быў перайменаваны ў «Искандер-Н». Іскандэр — гэта іншая версія імя Аляксандр, гэта імя заснавальніка атрада Аляксандра Пурчаева. Літара «Н» узятая з імя Наталля — так завуць жонку заснавальніка, якая зараз кіруе атрадам.

«Ідэя стварыць атрад з’явілася, калі я ўбачыў вельмі складаную абстаноўку з аказаннем дапамогі жывёлам у краіне, — распавядае Аляксандр. — Часта звычайныя людзі не могуць аказаць прафесійную дапамогу жывёлам. Так і прыйшла ў галаву ідэя стварыць арганізацыю, якая зможа экстрана рэагаваць на падобныя выклікі. А пачалося ўсё з таго, што я пачаў абзвоньваць сваіх сяброў і калег».

Многія дапамагаюць жывёлам, але так адрад — унікальны

Пачынаючы з вясны 2016 года Аляксандр пачаў выходзіць на іншыя гарады i фармаваць асобныя рэгіянальныя падраздзяленнi атрада. У Гродне ён прызначыў на кіруючыя пасады сваіх калег з пошукава-выратавальнага атрада «ЦентрСпас». Але ідэя з дапамогай жывёлам тады не апраўдала сябе. З новымі ідэямі і сіламі праект вырашылі перазапусціць у Гродне ў пачатку 2018 года — былі прызначаныя новыя кіраўнікі.

«Безумоўна, у рэгіёне ёсць велізарная колькасць арганізацый і рухаў, што дапамагаюць жывёлам, але ўсе гэтыя арганізацыі аказваюць дапамогу, звязаную з уладкаваннем, лячэннем і зборам сродкаў на аперацыі жывёлам. Мы такім не займаемся, наш атрад накіраваны выключна на актыўную фазу аказання дапамогі ў рэжыме надзвычайных сітуацый. Гэтым займаюцца людзі з вопытам працы ў выратавальных структурах і навыкамі абыходжання са складаным спецабсталяваннем».

Як будуць праходзіць пошукі ў Гродне, Аляксандр сказаць пакуль не можа, бо кожная сітуацыя індывідуальная. Для гэтага ў Гродне будзе фармавацца група інфармацыйнай падтрымкі, якая будзе працаваць сумесна з пошукавымі групамі на месцах.


Усе, хто мае вопыт у дапамогі жывёлам і гатовы ўступіць у рады атрада, могуць звяртацца ў афіцыйную групу ў ВКонтакте.