Некалькі дзясяткаў гродзенцаў сабраліся ў чацвер 6 красавіка ў гандлёвым цэнтры OldCity каб адзначыць Сусветны дзень настольнага тэніса. Ініцыятарамі выступілі Упраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі СДЮШАР імя Сапегi.

Прысутным паказалі відэа-прэзентацыю пра гісторыю настольнага тэніса, пасля для ўсіх жадаючых прайшлі майстар-класы і конкурсы.

«Пачынаючы з 2015 года міжнародная федэрацыя настольнага тэніса зацвердзіла 6 красавіка днём настольнага тэніса. Мы вырашылі не адставаць ад сусветнага руху і паказаць гродзенцам, якія ў нас у горадзе і вобласці ёсць спартсмены. Дзякуй кіраўніцтву OldCity, што пайшлі нам на сустрэчу і далі пляцоўку. Там мы выставілі каля 20 нашых гульцоў, якія правялі майстар-класы, а таксама згулялі з усімі жадаючымі», — распавёў трэнер-выкладчык па настольным тэнісе СДЮШАР iмя Сапегi Багдан Загiдулiн.

Спартсмены прывезлі з сабой у OldCity тры тэнісных стала
Спартсмены прывезлі з сабой у OldCity тры тэнісныя сталы
Заняткі па настольным тэнісе, як для самых маленькіх, так і для дарослых, у Гродне праходзяць на Антонава, 20. Таксама залы настольнага тэніса пачынаюць адкрываць і ў навучальных установах — школах № 40 і № 39.

У сярэднім пастаянна настольным тэнісам у Гродне займаецца каля 200 чалавек. Восенню 2017 года аматары гэтага спорту плануюць правесці ў Гродне адкрыты Кубак для аматараў і прафесіяналаў.