У апошні дзень сакавіка ў Гродзенскім лядовым палацы сярод заўзятараў, якія на працягу хакейнага сезона зарэгістраваліся ў рэкламнай гульні «Шчаслівы білет», адбыўся розыгрыш галоўнага прыза — аўтамабіля «Лада-Веста». Сярод 252 заўзятараў пераможцам стаў гродзенец Віктар Радзюк. Свой падарунак ён атрымае на матчы зборных Беларусі і Швецыі, які пройдзе ў Гродне 21 і 22 красавіка.

Сам Віктар не чакаў такога падарунку і быў прыемна здзіўлены, калі яму патэлефанавалі арганізатары розыгрышу. Для яго гэта быў першы хакейны сезон, на які ён хадзіў па абанеменце. Раней ён купляў квіткі на кожны матч.

«Калі патэлефанавалі, я быў у раёне Навагрудка, там дрэнна лавіла сувязь, было цяжка зразумець, што хацелi. Тады брат траюрадны патэлефанаваў і сказаў, што я выйграў машыну — я быў шакаваны».

Прыняць удзел у гульні «Шчаслівы білет» мог любы жадаючы, хто набыў сезонны абанемент на хатнія гульні «Нёмана», альбо наведаў па квітках 21 матч сезону 2016−17 і зарэгістраваўся ў якасці ўдзельніка.

У Віктара ўжо ёсць машына Mercedes 124, таксама нядаўна ён купіў з дзяўчынай Ford. Хто будзе ездзіць на новай машыне, пара яшчэ не вырашыла.

«Калі ў Лізе Чэмпіёнаў у „Нёмана“ будзе блізкі выезд, напрыклад, у Чэхію, можна будзе на пераможнай машыне і з’ездзіць. Планую на заднім шкле павесіць сцяг „Нёмана“ або зрабіць спецыяльныя шторкі. Усё для таго, каб людзі ведалі, што машына была выйграная на матчах гродзенскай каманды».

Гэта не першы такі розыгрыш Лядовага палаца сярод гродзенскiх заўзятараў, якія наведваюць матчы «Нёмана». У мінулым годзе заўзятар, які рэгулярна наведвае матчы чырвона-чорных, таксама стаў уладальнікам каштоўнага прыза — квадрацыкла.