Трэці фінальны матч экстралігі паміж «Нёманам» і «Юнацтвам» скончыўся чарговай перамогай гродзенскіх хакеістаў. У Гродне пры запоўненай арэне каманда Сяргея Пушкова прадэманстравала баявы хакей, дзе папросту не пакінула шанцаў мiнчанам. Зараз каб стаць чэмпіёнамі Беларусi чырвона-чорным патрэбна ўсяго толькі адна перамога.

Трэці матч у серыі скончыўся з лікам 2:0. Сваю першую шайбу ў гэтым матчы гродзенцы закінулі за 2 секунды да канца першага перыяду, яе аўтарам стаў Кліменка. Другую шайбу ўжо ў другім перыядзе закінуў Сяргей Маляўка. Госці спрабавалі адыграцца, але ў іх нiчога не атрымалiвалася. «Нёман» заслужана перамог чарговы раз і набліжаецца да залатых медалёў.

«Нёман» — «Юнацтва» 2:0 (1:0, 1:0, 0:0)

Галы:
19.58 1: 0 — Кліменка (Жыдкіх)
24.16 2: 0 — С.Маляўка (Бадун, Казнадзей)

Пасля чарговага пераможнага матчу галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў быў задаволены атмасферай як на лёдзе, так і вакол.

«Павіншаваў хлопцаў пасля гульні з добрай перамогай, самааддачай і жаданнем, якое яны паказвалі на працягу ўсяго матчу. Лічу, што яны малайцы. І вялікі дзякуй гледачам, якія нас падтрымлівалі. Мы не спрабуем гуляць асцярожна, стараемся навязваць сваю гульню супернiку. У Мiнску мы так жа гулялі».

Зараз каб стаць чэмпіёнамі Беларусі «Нёману» патрэбна ўсяго адна перамога. Яе атрымаць гродзенскія хакеісты могуць ужо 30 сакавіка на роднай пляцоўцы, дзе пройдзе чацвёрты матч фіналу.

Варта адзначыць, што гродзенскія заўзятары масава падтрымалі флэшмоб і прыйшлі на матч з «Юнацтвам» з гальштукамі.