Стваральнікі новага гродзенскага таксі “Выдатнае” звярнуліся да нацыянальных матываў: аўтамабілі абклееныя узорамі з вышыванак, а дыспетчары размаўляюць на беларускай мове, піша Autogrodno.by.
Усе аўтамабілі перавозчыка абклееныя рознымі арнаментамі. Кожны арнамент нясе ў сабе сэнс. Да прыкладу, знак на фота ніжэй азначае “багацце”.

Гэтыя машыны раней працавалі ў іншай буйной гродзенскай фірме таксі, ды і ўладальнік “Выдатнага” Аляксей Белакурскі на гэтым рынку з 2012 года.
– З нас ужо жартуюць, што ў багажніку мы возім бульбу, а пасажыраў частуем дранікамі. Магчыма, так і будзе. А пакуль імкнемся падтрымліваць гутаркі з пасажырамі на беларускай мове, калі кліент не супраць, вядома, – распавядае Аляксей.


Дыспетчаркі ў службе – беларускамоўныя.
– Перад наборам дзяўчат для працы ў дыспетчарскай, мы ўсіх жадаючых папярэджвалі, што размаўляць трэба будзе на роднай мове.
Мы прыемна здзіўлены, дзяўчыны пазітыўна ўспрынялі наша пажаданне, – кажа Аляксей.
Дыспетчар Юлія распавяла, што калі пачала прымаць заказы на беларускай мове, некаторыя гродзенцы ад нечаканасці пачыналі пасмейвацца і казаць, як гэта выдатна. Былі выпадкі, калі людзі пачыналі размаўляць на рускай, а потым мімаволі пераходзілі на беларускую і працягвалі так, як быццам размаўляюць на роднай мове штодня. Але часцей размова з таго боку тэлефона адбываецца на рускай, толькі ў канцы гродзенцы дадаюць “Дзякуй”, альбо “Чакаю”.

– За гэты тыдзень толькі адна жанчына папрасіла размаўляць на рускай, а адзін хлопец не зразумеў, што значыць “Чакайце 5-7 хвiлiн”. Але наогул, рэакцыя пазітыўная і прэтэнзій не было. Ствараецца ўражанне, што гродзенцам падабаецца. Часам нават вадзіцелі паведамляюць, што падчас паездкі пасажыры размаўлялі з імі на беларускай. Мы стараемся ўдасканальваць мову нашых вадзіцеляў. Па рацыі гаворым з імі на беларускай, – патлумачыла Юлія.
На аўто “Выдатнага” ёсць надпіс “ProTaxi”. Гэта значыць, што калі ў пэўны гадзіну пік усе машыны фірмы будуць занятыя, кліент не будзе чакаць: заказ возьме партнёрская служба, тарыфы застануцца як у “Выдатнага”.
Каб мінімізаваць выдаткі, у таксі ёсць уласная дыспетчарская, уласны механік і медперсанал. Перад кожным выездам кіроўца атрымлівае пуцявы ліст, праходзіць агляд у медыка.

Цэны
Пасадка – бясплатна
Першы кіламетр шляху – 2 рублі
Кожны наступны – па 0,7 рублёў
З кожнай паездкі (без абмежавання прабегу) – пасажыру вяртаюць 0,6 рублёў на віртуальны рахунак
Нумар тэлефона: 584-34-34 (любы аператар сотавай сувязі)
Кароткі нумар: 3434



