Пять лаваў, абсталяваных сонечнымі панэлямі, ужо сёлета з’явіцца ў цэнтры Беластока, паведамляе «Kurier porannу». На іх можна будзе не толькі адпачыць, але і, напрыклад, падсілкаваць мабільнік. Зараз муніцыпалітэт абвясціў тэндар на пастаўку і ўстаноўку лавак.

На кожнай з лаваў прадугледжваецца ўсталяваць не менш, як два USB-парты для зарадкі электронных прыладаў і бесправадныя зарадныя станцыі. Працаздольнасць прыстасаванняў для падсілкавання мае быць не меншай за 10 гадзін на суткі. Тры з пяці лавак будуць дадаткова абсталяваны стойкамі для паркоўкі ровараў.

«Беласток стане адным з першых гарадоў ў Польшчы, дзе з’явяцца такія лаўкі. Цікавасць да іх увесь час расце, — кажа Адам Паліньскі, намеснік мэра Беластока. — Праз выкарыстанне сонечнай энергіі зніжаецца энергаспажыванне, што аказвае станоўчы ўплыў на навакольнае асяроддзе і якасць нашага жыцця».

Лаўкі павінны з’явіцца ў горадзе да канца чэрвеня. Кошт праекта 103,5 тыс. злотых (каля 26 тыс. еўра).

Ідэя ўстаноўкі такіх лаваў была абрана ў якасці аднаго з агульнагарадскіх праектаў, што будуць фінансавацца з «Грамадзянскага бюджэту-2017». За рэалізацыю праекта прагаласаваала 413 жыхароў Беластока. «Грамадзянскі бюджэт» гэта механізм, які існуе ў польскіх гарадах, дзякуючы якому кожны можа прапанаваць ідэю для горада, пасля чаго яны выносяцца на галасаванне. У гадавым бюджэце горада абавязкова выдзяляюцца сродкі на рэалізацыю ідэй грамадзян.