“Нёман” пачаў з перамогі фінальную серыю экстралігі супраць “Юнацтва”. Першы матч прайшоў у сталіцы 25 сакавіка. З лікам 2:0 каманда Сяргея Пушкова заслужана перамагла гаспадароў.
Традыцыйна ў такіх важных матчах “Нёман” едуць падтрымліваць гродзенскія заўзятары. У Мінск у суботу адправілася шмат аўтобусаў. Многія дабіраліся ў сталіцу i сваім ходам.
На лядовай пляцоўцы Чыжоўка-арэны каманды прадэманстравалі сапраўдны фінальны паядынак, у якім ніхто не хацеў саступаць. У першым перыядзе вызначыцца нікому не ўдалося. А вось у другой дваццаціхвілiнцы гродзенцы здолелі адкрыць лік. Аляксандр Жыдкіх стаў аўтарам першай шайбы фіналу.
Другую шайбу гродзенцы закінулі ў трэцім перыядзе, калі заставалася амаль 10 хвілін да канца асноўнага часу. Зрабілі гэта хакеісты “Нёмана” ў большасці. Дакладным кідком адзначыўся Аляксандр Маляўка.
У застаўшыся час нікому больш не ўдалося вызначыцца, хоць момантаў у абедзвюх каманд было дастаткова.
“Юнацтва” – “Нёман” 0:2 (0:0, 0:1, 0:1)
Галы:
34.50 0:1 – Жыдкіх (Бадун)
48.54 0:2 – А.Маляўка (Баярчук, Бадун, – бол.)
Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў задаволены стартам фінальнай серыі.
“Я задаволены гульнёй каманды, многае сёння атрымалася. Правялі дысцыплінаваны матч, стваралі моманты. Супернік нічым не здзівіў, мы разбіралі яго гульню і ведалі супраць каго будзем гуляць. Зараз хлопцам трэба адпачыць, а пасля падрыхтавацца да наступнага матчу”.
Другі матч фіналу пройдзе 26 сакавіка таксама ў Чыжоўка-арэне.


