Гродзенскі актывіст Дзмітрый Бандарчук, які сёлета з’яўляецца адказнай асобай за правядзенне Дня Волі ў Гродне, расказаў Hrodna.life, як правільна паводзіць сябе на дазволеным уладамі масавым мерапрыемстве.

Гродзенскі гарвыканкам узгадніў правядзенне масавага мерапрыемства з нагоды Дня Волi. Яно адбудзецца ў суботу 25 сакавіка з 12.00 да 14.30 каля стэлы 850-годзя горада ў Каложскім парку. Дзмітрый Бандарчук ужо падпісаў усе неабходныя дамовы: на ахову правапарадка, прысутнасць медыкаў і ўборку тэрыторыі.

Такога дазволу прадстаўнікі дэмакратычных структур Гродна не мелі ўжо больш за 15 гадоў. Вось чаму для гродзенцаў цяпер вельмі важна правесці ўсё годна, у дазволеным фармаце — каб не страціць магчымасць арганізацыі і правядзення дазволеных акцый у будучыні, кажа Дзмітрый.

[irp posts="16 586″ name="Як схадзіць на мірны сход, каб вярнуцца дамоў. Парады юрыста"]

Таму ён падпрэслівае: дамоўленасці з уладамі не прадугледжваюць ніякага шэсця ні пад час мерапрыемства, ні пасля яго. Усё мусіць адбыцца каля стэлы ў Каложскім парку.

«У гэты дзень адзначаецца вялікае агульнанацыянальнае свята: 25 сакавіка 2017 года Беларусь адзначыць 99-ю гадавіну прыняцця Устаўной граматы, якой была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Менавіта тады ў нашага народа з’явілася магчымасць стварыць уласную дзяржаву», — кажа Дзмітрый.


Галоўная мэта мерапрыемства — звярнуць увагу грамадскасці на дасягненні і пагрозы незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Галоўны лозунг дня — «Ад БНР да РБ: разам за незалежнасць».

Гледзячы на шматлікія затрыманні і арышты па ўсёй краіне за апошнія дні, аргкамітэт хоча пазбегнуць магчымага негатыву ў нашым горадзе, тым больш — правакацый з любога боку. Таму арганізатары прапануюць пяць галоўных правілаў мірнага масавага мерапрыемства.

1. 25 сакавіка, Дзень Волі - гэта менавіта свята, і мы запрашаем тых, хто хоча адзначыць яго адпаведным настроем.

2. Пад час акцыі нельга хаваць твар за медычнай маскай, рэспіратарам, балаклавай, шалікам або маскай Гая Фокса. Гэта парушае арт. 11 ч. 2 закона «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні». Тыя, хто несвядома ці адмыслова ігнаруюць такое правіла, фактычна становяцца правакатарамі ў адносінах да людзей, якія прыйшлі на дазволены мірны мітынг.

3. Мы чакаем цвярозых людзей, якія не маюць пры сабе алкагольных напояў і якія не будуць агрэсіўнымі ў адносінах да іншых удзельнікаў.

4. Мы вітаем вашае з’яўленне на мітынгу з беларускай сімволікай, паветранымі шарыкамі і плакатамі па абазначанай тэме.

5. Праз год — 100-годзе нашай незалежнасці! І надзвычай важна, каб ужо зараз для кожнага беларуса асацыяцыяй з гэтай датаў былі менавіта гонар і годнасць, патрыятызм і святочны настрой.

Дазволенае мерапрыемства — гэта яшчэ і фінансавая адказнасць. Таму на ім вітаюцца складкі на аплату паслуг.