Гродзенцы, якія займаюцца айсштокам, вырашылі папулярызаваць гэты від спорт сярод рэшты гараджан. Для гэтага ў суботу, 18 сакавіка, яны арганізавалі на Савецкай плошчы адмысловую пляцоўку.
Айсшток — зімовы від спорту, які паўставаў на замерзлых азёрах Германіі і Аўстрыі. Паступова гэтая гульня рабілася папулярнай і цяпер у яе гуляюць у 52 краінах свету, сярод іх і Беларусь. Беларуская федэрацыя айсштока была створана ў 2009 годзе. Гэты від спорту актыўна развіваецца ў трох гарадах: Гродне, Брэсце і Мінску.
Пачаткова айсшток лічыўся звычайнай зімовай гульнёй, але нядаўна ён атрымаў статус спорту і цяпер займацца ім можна круглы год, нават на асфальтаванай пляцоўцы.
Старшыня гродзенскага клуба Эдуард Краўчанка расказаў, што гродзенская і брэсцкая каманды — лідары ў Беларусі па гульні ў айсшток.
У апошні час айсшток стаў папулярны ў гродзенскай школе № 7, Гродзенскай гарадской гімназіі, а таксама ў гімназіі № 7. Акрамя гэтага, у Гродне ёсць і дарослая каманда, якая прадстаўляе адзін з банкаў горада.

У Гродне будзе свая пляцоўка для гульнi ў айсшток
Калі ў Брэсце для трэнiровак пабудавана спецыялізаваная пляцоўка, то ў Гродне гульцы пакуль займаюцца ў адкрытых хакейных каробках, але ў будучыні плануюць зрабіць сваю пляцоўку. Яна з’явіцца на вуліцы Болдзіна, каля гарадской лазні.
Знайсці прадстаўнікоў айстштоку ў Гродне можна праз адміністрацыю Ленінскага раёна — там ёсць усе дадзеныя аб гродзенскім клубе. Гэты від спорту бясплатны — людзі гуляюць і займаюцца для свайго задавальнення.