Трэці матч паўфінала паміж “Нёманам” і “Гомелем” скончыўся чарговай перамогай гродзенскага клуба. У Гомелі камандзе Сяргея Пушкова прыйшлося цяжка – толькі ў другім авертайме чырвона-чорныя закінулі вырашальную шайбу ў матчы. Такім чынам “Нёману” засталася адна перамога, каб выйсці ў фінал Кубка прэзідэнта.
У асноўны час у гродзенцаў вызначыўся Аляксандр Жыдкіх, у гаспадароў адзіную шайбу правёў Аляксандр Еронаў. А аўтарам вырашальнай шайбы ў матчы стаў Мікіта Рэмезаў.
“Гомель” – “Нёман” 1:2 (2АВ) (0:0, 0:1, 1:0, 0:0, 0:1)
галы:
22.32 0:1 – Жыдкіх (Горбаченко, Багданоўскі, – бол.)
44.18 1:1 – Еронаў (Заламай, Брахманіс, – бол.)
99.15 1:2 – Рэмезаў (Лісічкін, Коршунаў)
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў падзякаваў заўзятарам, а таксама застаўся задаволены тым, што яго каманда праявіла характар.
“Першае – гэта вялікі дзякуй нашым заўзятарам, якія пераадолелі такую адлегласць, прыехалі, падтрымалі нас сёння. Я думаю, што вынікам яны вельмі задаволеныя. І ўсе, хто прыехаў, правільна зрабілі, лічу, што яны ўбачылі вельмі добры хакей у выкананні дзвюх каманд. Хлопцы сёння што рабілі на пляцоўцы – біліся, абедзве каманды хацелі. Былі ў кагосьці памылкі, былі моманты, каб забіць і цягам асноўнага часу, і ў дадатковы. Не працавала большасць, што ў нас, што ў гаспадароў пляцоўкі. Напэўна, усё ж здорава згулялі ў абароне. Таму ўсяго толькі па адной шайбе забілі. Задаволены хлопцамі, тым характарам, які яны сёння праявілі. Ішлі туды, калі трэба было. Малайцы яны. І, вядома, нашы заўзятары – з перамогай. З перамогай усіх, хто перажываў за нас у сённяшні вечар у Беларусі”.
Варта адзначыць, што трэці матч 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі “Гомель” – “Нёман” (1:2) стаў другім па працягласці ў гісторыі першынстваў краіны, паведамляе «Прессбол».
Гульня доўжылася 99 хвілін 15 секунд. Самай працяглай сустрэчай у гісторыі чэмпіянату з’яўляецца супрацьстаянне ў Гомелі двухгадовай даўніны, калі мясцовы клуб высвятляў мацнейшага ў гульні з “Юнацтвам” – 165 хвілін 11 секунд.
Усе пытанні ў паўфінале каманда Сяргея Пушкова можа вырашыць ужо ў пятніцу 17 сакавіка. “Нёману” патрэбна яшчэ адна (чацвёртая) перамога ў серыі. Калі ж “Гомель” у гэты дзень здолее вырваць перамогу ў “Нёмана”, то серыя працягнецца ў Гродне 19 сакавiка.


