Трох затрыманых пасля акцыі пратэсту ўвечары 15 сакавіка адпусцілі, склаўшы пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў»), паведамілі гродзенскія прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна». Аляксандр Лаўрэнцьеў з АГП, адзін з найбольш актыўных выступоўцаў, правёў ноч у ізалятары, а зараз будзе знаходзіцца ў РАУСе, яго будзе чакаць суд.
Нагадаем, пасля несанкцыянаванага гарадскімі ўладамі Маршу недармаедаў, які 15 сакавіка сабраў ад 800 да 1000 чалавек, распачаліся затрыманні. Каля 19.30 схапілі Аляксандра Лаўрэнцьева, які выступаў з мегафонам. Таксама міліцыянты ў цывільным затрымалі 16-гадовага падлетка, але потым адпусцілі. На актывістаў, якія неслі расцяжку з фотаздымкамі затрыманых лідараў апазіцыі на Савецкай плошчы напалі невядомыя і пачалі гвалтоўна запіхваць у «Газель». Адну жанчыну гродзенцы не дазволі затрымаць, узяўшы ў кола невядомых, якія аказаліся амапаўцамі.