Работы па рэканструкцыі нежылога дома па вуліцы Калючынскай 23, што ў цэнтры Гродна, вядуцца вельмі актыўна, нават нягледзячы на тое, што праект яшчэ не ўзгоднены Міністэрствам культуры. Але ўжо вядома, што да канца года уласнік Станіслаў Сямашка плануе там зрабіць гасцiнiцу ў выглядзе палаца.
Спонсар рубрыкі «Горад» — «Пліт-мар» ТАА (аб'яднанне «Група кампаній Белпліта»).
Рабіце мэблю самі і эканомце! Распілоўванне мэблевых матэрыялаў па вашых чарцяжах і велізарны склад матэрыялаў і фурнітуры ад першага імпарцёра і асноўнага пастаўшчыка мэблевых матэрыялаў і фурнітуры ў Гродзенскай вобласці.
На думку вядомага бізнесмэна, яго новы аб’ект упрыгожыць гістарычны цэнтр Гродна непаўторным архітэктурным абліччам. Але з Сямашкам не згодны гісторык Мечыслаў Супрон, які прытрымліваецца зусім іншага меркавання.
«Выступаю супраць прапанаванага варыянту рэканструкцыі. Па-першае, новы вобраз камяніцы моцна сказіць воблік гістарычнага цэнтра горада, будзе моцна выдзяляцца сярод двухпавярховых дамоў ХІХ ст., якія яго атачаюць. Асаблівая небяспека ў тым, што згаданы дом выходзіць фасадам на галоўную плошчу горада і знаходзіцца амаль насупраць Фарнага касцёла — галоўнай архітэктурнай дамінанты гістарычнага цэнтра.
Па-другое, рэканструкцыя знявечыць арыгінальныя архітэктурныя асаблівасці будынка, які, між іншым, з’яўляецца выключна цікавым і багатым на гісторыю. Па-трэцяе, аля-рэнесансны дэкор, спраектаваны, відавочна, дзеля надання дому нібыта гістарычнага шыку, насамрэч будзе глядзецца танна і фальшыва — амаль 150-гадовы будынак будзе глядзецца як навабуд».
Мечыслаў Супрон кажа, што варта было б правесці капрамонт, не чапаючы архітэктурных вартасцей будынка: раскрыць частку арыгінальнай цаглянай кладкі на сценах фасаду, зрабіць дах з цаглянай дахоўкі. Карацей, стварыць канцэпцыю «жывога» гістарычнага дома, а не ствараць штосьці новае і іншароднае, да таго ж з сумнеўнымі мастацкімі вартасцямі.
Даведка
Дом па вуліцы Калючынскай 23 быў пабудаваны пасля пажару 1885 г. Ён быў адным з найбольшых будынкаў тагачаснага Гродна. У ім размяшчаліся розныя навучальныя яўрэйскiя ўстановы. Адсюль пайшлі і будучыя рабіны Тэль-Авіва і Ізраіля Амiель і Унтэрман. Гэты дом быў адным з галоўных будынкаў, што ўтваралі пачатак вуліцы Калючынскай, што цягнулася ад Савецкай плошчы. У савецкi час у доме размяшчаўся інтэрнат, а з часам будынак прызналі непрыдатным для жыцця.