Сёлетні чэмпіянат краіны па лоўлі рыбу на мармышку меў толькі два этапы замест запланаваных трох. Скараціла спаборніцтвы раптоўнае пацяпленне. Перамогу ў камандным заліку атрымала каманда «Фаварыт», у складзе каторай выступіў 19-гадовы гродзенец Яўген Бурбіцкі. Разам з узнагародамі пераможцы атрымалі званні Майстроў спорту. Перамога дала ім месцы ў складзе зборнай Беларусі і права будуць прадстаўляць краіну на Міжнародным чэмпіянаце наступнай зімой ў Казахстане.
У чэмпіянаце краіны Яўген удзельнічаў упершыню. Разам з ім у складзе каманды «Фаварыт» выступалі Аляксандр Раманаў, Аляксандр Мураўёў, Аляксандр Дз’ячэнка і трэнер Сяргей Павідайка.
Першы этап праходзіў на Чыгірынскім водасховішчы ў Магілёўскай вобласці. «Мароз пад час гэтых спаборніцтваў даходзіў да -25, а лавіць даводзілася без пальчатак, бо ў іх губляецца адчувальнасць», — расказаў Яўген. Другі этап ладзілі на Мінскім моры. Па выніках гэтага этапа каманда была пераможцам, а Яўген узяў золата яшчэ і ў асабістым заліку.
Па выніках двух этапаў каманда захавала лідарства, а вось у асабістым заліку Яўген застаўся на чацвёртым месцы. «Шкада, што з-за рэзкага пацяплення не змог адбыцца трэці этап. Быў шанец падняцца на п’едэстал, а так — застаўся з „драўляным“ медалём», — пажартаваў Яўген. Агульны ўлоў каманды склаў каля 18 кілаграмаў, унесак Яўгена Бурбіцкага ў агульную вагу — каля пяці кілаграмаў.
[irp posts="10 332″ name="У Парэччы рыбаловы спаборнічалі па лоўлі рыбы на мармышку"]
Сваю рыбацкую кар’еру ён пачаў ад шасці гадоў, калі брат пачаў браць з сабой на рыбу. Пазней брат гэты занятак пакінуў, а вось Яўген «падсеў» сур’ёзна. З 2013 года выступае як спартсмен. Ды і для працы выбраў «рыбнае» месца — адну з рыбалавецкіх крамаў. На сёлетнім чэмпіянаце ён быў адным з самых маладых удзельнікаў. Сярэдні ўзрост мармышачнікаў вагаеццца паміж 25 і 50 гадамі.
Перамога прынесла Яўгену і ўсім членам каманды званні майстроў спорту Беларусі, месцы ў зборнай краіны па лоўлі на мармышку і права прадстаўляць Беларусь на Чэмпіянаце свету, які пройдзе наступнай зімой ў Казахстане.
Парады ад чэмпіёна:
- Чым меншы дыяметр у мармышкі, тым лепш бярэ рыба
- Калі акуні пасіўныя, то лепш выкарыстоўваць дробныя мармышкі
- Калі ёсці платва, то памер мармышкі не крытычны, яна рэагуе на апусканне. Тут большае значэнне мае дыяметр лескі
- Чым меншы дыяметр лескі, тым меншы супраціў, калі апускаеш мармышку. Калі паставіць надта тонкую леску, то прыйдзецца патраціць больш часу на выводжванне рыбы