Два падпітыя хлопцы ў панядзелак, 6 сакавіка, каля корпуса ГрДУ на вуліцы Даватара вырашылі прыцягнуць да сябе ўвагу, страляючы са светлашумавога аўтамата. На месца здарэння прыбыла некалькі машын міліцыі, зламыснікаў хутка затрымалі.

Як паведамілі сведкі, хлопцы прыехалі на стаянку да ўніверсітэта на машыне. Вялі яны сябе абуральна, прыставалі да дзяўчат, а пасля вырашылі дастаць з багажніка аўтамат і зрабілі некалькі стрэлаў у паветра.

«Самае цікавае, што нідзе не было інфармацыі аб здарэнні, выкладчыкі маўчаць, а студэнты распаўсюджваюць розныя чуткі. Добра, што ніхто не пацярпеў», — распавёў адзін са студэнтаў, які жыве ў суседнім інтэрнаце.

У прэс-службе гродзенскай міліцыі распавялі, што стральба каля ўніверсітэта вялася не з агнястрэльнай зброі, а са светлашумавой, якая сур’ёзнай шкоды прычыніць не можа.

«Праводзіцца праверка, неўзабаве будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням зламыснікаў. Паколькі стральба была не з агнястрэльнай зброі і не прычыніла шкоды людзям, іх дзеянні падпадаюць пад кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях», — распавёў Hrodna.life афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі.