У гродзенскі пракат выходзіць доўгачаканы “Патэрсан” амерыканскага рэжысёра Джыма Джармуша. Фільм, беларуская прэм’ера якога адбылася на 23-м міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, можна ўбачыць у кінатэатры “Чырвоная зорка” з 23 сакавіка.
Джым Джармуш – адзін з галоўных рэжысёраў амерыканскага незалежнага кінематографа. Ўжо за свой другі фільм “Больш дзіўна, чым у раі” ён атрымаў “Залатую камеру” за лепшы дэбют на Канскім кінафестывалі, а пасля яшчэ тройчы станавіўся прызёрам гэтага кінафоруму. Фільмы Джармуша не раз дэманстраваліся ў асноўных конкурсах “Сандэнс”, МКФ у Лакарна, Таронта і Нью-Ёрку. Сусветная прэм’ера яго новага фільма “Патэрсан” адбылася на Канскім кінафестывалі ў 2016 годзе і прэтэндавала на “Залатую пальмавую галіну”.
Патэрсан (2016, 18 +)
Краіна: ЗША, Францыя, Германія
Жанр: драма, меладрама, камедыя
Сюжэт фільма
У штаце Нью-Джэрсі, у мястэчку Патэрсан жыве паэт. Яго завуць гэтак жа – Патэрсан, – і працуе ён кіроўцам аўтобуса. Кожную раніцу Патэрсан прачынаецца, бярэ ланч, клапатліва прыгатаваны сваёй казачна прыгожай жонкай, і ідзе на працу, дзе садзіцца за руль 23-га аўтобуса. Перад тым, як адправіцца развозіць людзей па вуліцах соннага гарадка, Патэрсан запісвае пару радкоў, складзеных па дарозе, у таемны нататнік. Вечарам паэт вяртаецца ў дэпо, ідзе пешшу дадому, абменьваецца навінамі з каханай і выгульвае бульдога па мянушцы Марвін. Напрыканцы, прывязаўшы сабаку да слупка, заходзіць у бар «Цені» на куфаль піва. Кожны дзень Патэрсана падобны на папярэдні, але, у той жа час, кожны дзень выдатны настолькі, што натхняе на стварэнне вершаў.
Крытыкі адзначаюць, што Патэрсан – меланхалічны паэт, пра вялікія вершы якога не ведае ніхто, акрамя жонкі, – падобны на самога Джыма Джармуша. Рэжысёр вядомы сваім талентам ствараць карціны пра “маленькія падзеі”, да прыкладу, перакур ( “Кава і цыгарэты”), паездка на таксі ( “Ноч на Зямлі”) ці начлег у гатэлі ( “Таямнічы цягнік”), а цяпер Джармуш, як і герой яго новага фільма, апявае прыгажосць будняў.
Галоўную ролю ў фільме выканаў Адам Драйвер – уладальнік кубка Вольпе Венецыянскага кінафестывалю за лепшую мужчынскую ролю (“Галодныя сэрцы”), вядомы сваім удзелам у карцінах такіх рэжысёраў, як Марцін Скарсэзэ ( “Маўчанне”), Джэй Джэй Абрамс ( “Зорныя войны: Абуджэнне сілы”), НАО Баумбак (“Мілая Фрэнсіс”) і Стывен Спілберг (“Лінкальн”). Каханую паэта сыграла выдатная Голшіфте Фарахані, якая знаёмая гледачу па фільмах “Гісторыя Элі” Асгара Фархадзі і “Сукупнасць хлусні” Рыдлі Скота. Фарахані таксама здымалася ў Луі Гаррэля ў яго дэбютнай рэжысёрскай працы “Сябры”, якая выходзіла ў пракат летам ў рамках праекта “Лістапад. Калекцыя”.
Паказ фільма праходзіць у рамках праекта «Лістапад.Калекцыя”, які створаны каб знаёміць беларусаў з лепшымі ўзорамі сусветнага фестывальнага і забаўляльнага кіно.


