У сакавіку ў падвалах былога кляштара кармелітаў запрацуе рэстаран “Дукат”. Ён адкрыецца замест вядомай раней у Гродне “Вены”. Пакуль там яшчэ вядзецца рамонт, неўзабаве ўладальнік абяцае парадаваць гараджан адкрыццём.
Нагадаем, рэстаран “Вена” закрылі на вялікі рамонт у 2016 годзе. У канцы года стала вядома, што ў старых падвалах будзе іншая ўстанова.
“Дукат – гэта грашовая адзінка, а паколькі побач банк, то мы вырашылі абраць менавіта гэтую назву. Мы ведаем гісторыю гэтых старых падвалаў і паспрабуем даць ім новае жыццё. Для нашага горада гэта вельмі важна выкарыстоўваць такія месцы, якія прасякнуты гісторыяй. Інтэр’ер рэстарана мы моцна змяняць не будзем, скляпеністыя столі і мур тых часоў будуць асновай нашай установы”, – распавёў Hrodna.life ўладальнік новай установы Алег Андрэеў.
Раней, яшчэ да рэстарана “Вена”, у падвалах былога кляштара кармелітаў працаваў папулярны ў савецкі час піўны бар, які ў народзе называлі “Яма”.


