Валерый Цапкала вызвалены ад пасады дырэктара дзяржаўнай установы “Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій”. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 сакавіка. Пра прычыны вызвалення з пасады не паведамляецца, піша БелаПАН.
Цапкала ўзначальваў ПВТ з 2005 года. Ён нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гродне. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт і Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. У 1992-1993 гадах працаваў другім сакратаром Міністэрства замежных спраў. У 1993-1994 гадах – саветнік старшыні Вярхоўнага савета па знешнепалітычных пытаннях. У 1994 годзе падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку і стаў адным з кіраўнікоў яго перадвыбарчага штаба. 1994-1997 гадах займаў пасаду першага намесніка міністра замежных спраў. У 1997-2002 гадах быў паслом у ЗША і ў Мексіцы (па сумяшчальніцтве). У 2002-2005 гадах з’яўляўся памочнікам прэзідэнта – паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе.
Дэкрэт аб стварэнні Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) быў падпісаны 22 верасня 2005 года. Валерый Цапкала ўзначальваў яго з моманту стварэння. Нягледзячы на дынамічнае развіццё галіны ў апошні час, не ўсе задачы, пастаўленыя пры стварэнні адмысловага рэжыму, былі вырашаны, што ў апошні час выклікала дыскусіі экспертаў і ўдзельнікаў рынку, піша “Тут.бай”.
У 2016 годзе экспарт і аб’ём прыцягнутых замежных інвестыцый Парку высокіх тэхналогій павялічыліся на 16%. Аб’ём вытворчасці камп’ютарных праграм ў 2016 годзе склаў 1 790,2 мільёна рублёў, або 904,4 мільёна долараў, забяспечыўшы гадавы тэмп росту на ўзроўні 42% (з улікам змянення курсу долара і дэфлятара ВУП – 19%).
У ліпені мінулага года Валерый Цапкала выказаў здагадку, што па выніках года ПВТ можа зарабіць мільярд долараў, аднак гэтага не адбылося.
У канцы 2016 года філіял ПВТ пачаў працу ў Гродне, праўда, афіцыйнага адкрыцця пакуль не было. Пад філіял прыстасавалі даўнія будынкі памежнага камітэта. Гродна стаў першым абласным горадам, дзе адкрыўся філіял ПВТ.



