Непрыемная гісторыя адбылася з гродзенкай Ульянай у пятніцу 17 лютага. Невядомыя ўзламалі яе старонку ў сацыяльнай сетцы Вконтакте і займаліся махлярствам. Дзяўчыне прыйшлося звярнуцца ў міліцыю. Зараз па яе справе праводзіцца праверка — у Ульяны забралi камп’ютар.

«У той дзень я не заходзіла ў сацыяльную сетку, толькі ўвечары, прыйшоўшы дадому, паспрабавала ўвайсці на сваю старонку, але не змагла — выскоквала інфармацыя аб няправільных дадзеных. Калі я аднавіла пароль, то на старонцы былі змененыя імя, статус і асабістыя дадзеныя. Але самае цікавае чакала мяне раніцай», — распавядае дзяўчына.

На наступны дзень Ульяне напісала дзяўчына з Расіі і абвінаваціла яе ў махлярстве: «Вы, аказваецца, махлярка, ад чужога імя збіраеце грошы. Вярніце мне тэрмінова мае грошы (1790 расійскіх рублёў + 30% камісіі) ці я пайду ў паліцыю з заявай. Ганна, неадкладна вярніце грошы!»

Ульяна, паспрабавала растлумачыць дзяўчыне, што адбылася памылка, што яе акаўнт ўзламалі, але суразмоўца ёй не паверыла і пагражала пайсці ў паліцыю і «праславіць гродзенку на ўвесь інтэрнэт».

«Увечары мне напісала іншая дзяўчына, сказала, што яна нібыта дачка той першай. Таксама пачала казаць, што ў паліцыю пойдзе, што яны не адны такія, якіх „я кінула“. Закідала мяне юрыдычнымі тэрмінамі, сказала, што ёсць група, адкуль яны нешта заказвалі, але скінуць мне спасылку не захацелі. Маўляў, я „дурочку строю“ і г. д. У выніку, у панядзелак адна з гэтых дзяўчат напісала заяву ў паліцыю. Ну і я ў аўторак пайшла ў мясцовы РАУС і таксама напісала заяву».

Забралi камп’ютар i праводзяць праверку

Зараз Ульяне даводзіцца даказваць, што яе старонку ўзламалі, а гэта забірае шмат часу.Для праверкі ў яе забралі камп’ютар.

«Непрыемна. Калі мяне ўзламаў нехта і сапраўды з маёй старонкі ашукваў людзей, то трэба знайсці гэтага ўзломшчыка і пакараць. І адпаведна растлумачыць, што я ні ў чым не вінаватая. Ну, а калі раптам мяне ўзламалі гэтыя самыя дзяўчыны, якія так упарта і настойліва мяне пераконваюць у маёй вінаватасці - хай пакараюць іх».

Што кажуць у мiлiцыi?

Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама распавялі, што выпадкі са ўзломам старонак у сацыяльных сетках на сённяшні дзень не адзінкавыя, ад гэтага ніхто не застрахаваны. У выпадках узлому трэба абавязкова звяртацца ў міліцыю і праводзіць праверку, каб вылічыць зламысніка.