Летам 2016 года рэканструктары эпохі вікінгаў на сярэднявечнай ладдзі праплылі па Нёмане з Гродна да Балтыйскага мора. Цяпер у сеціве з’явілася відэа пра іх падарожжа.

Экспедыцыя рэканструктараў пачалася 14 ліпеня, а скончылася праз два тыдні ў літоўскай Клайпедзе на «Свяце мора». Там беларусы прынялі ўдзел у парадзе.

Карабель, на якiм вікінгi разам з добраахвотнікамі плылi да мора, называецца «Яцвяг». Ён пабудаваны ў адпаведнасці з арыгіналам знаходкі X стагоддзя для суднаходнага праекта «Спадарожны вецер». Дракар мае даўжыню 14 метраў і змяшчальнасць да 20 чалавек.

«У нас не было навуковых або рэкламных мэтаў. Важней за ўсё экспедыцыя была для саміх удзельнікаў. Для звычайнага чалавека гэта шанец далучыцца да сапраўднай прыгоды. Адарвацца ад звыклага і пагрузіцца ў атмасферу гісторыі, прыроды і падарожжа. Яшчэ было прыемна ў Клайпедзе прадстаўляць Беларусь і адчуваць гонар за нас усіх», — распавёў Hrodna.life аўтар відэа Павел.

Плануецца выпуск яшчэ аднаго відэа — дакументальнага. Ці паплывуць рэканструктары ў гэтым годзе ў чарговае падарожжа, пакуль яшчэ не вядома. Іх «Яцвяг» цяпер знаходзіцца ў Нясвіжы, дзе карыстаецца, у добрае надвор’е, попытам сярод турыстаў.