Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведае Гродна 4−6 сакавіка. Гэта будзе яго першы візіт у Гродзенскую дыяцэзію. Запланаваны сустрэчы з вернікамі, семінарыстамі, студэнтамі-іншаземцамі з Афрыкі і Азіі, а таксама з уладамі горада, паведаміў прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр наведае парафіі, дзе зараз ідзе будаўніцтва касцёлаў. Таксама для яго запланавана экскурсія па горадзе.

Візіт пачнецца з афіцыйнага прывітання нунцыя ля катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя 4 сакавіка ў 11.45. У 12.00 нунцый будзе служыць імшу з нагоды ўрачыстасці св. Казіміра — апекуна Гродзенскай дыяцэзіі.

5 сакавіка нунцый наведае парафіі ў Вішняўцы і на Дзевятоўцы, а таксама сустрэнецца са студэнтамі-католікамі з Афрыкі і Азіі ды з удзельнікамі розны каталіцкіх супольнасцей горада — душпастырствамі студэнтаў, выкладчыкаў, лекараў, членамі ордэнаў свецкіх і іншымі.

Даведка

Сёлета прыпадае 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам. Дамова падпісана 11 лістапада 1992 года ў Мінску. У гэты дзень папа Ян Павел ІІ выдаў Апостальскую грамату «Quantam tandem» аб заснаванні Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі і яе адкрыцці.

Нунцый з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком Папы Рымскага ў дзяржавах, з якімі Ватыкан падтрымлівае афіцыйныя дыпламатычныя адносіны. У наш час гэтыя функцыі адпавядаюць Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу.