У чацвер 16 лютага пасля міжнароднай паўзы аднавіўся чэмпіянат Беларусі па хакеі. У гэты дзень гродзенскі «Нёман» гасцяваў у Маладзечне, дзе ўпэўнена абыграў мясцовае «Дынама».
Гульня ў Маладзечне для каманд значыла многае, бо за тры туры да плэй-оф і ў гродзенцаў, і ў «Дынама» ёсць шанцы палепшыць сваё становішча ў турнiрнай табліцы.
У першым перыядзе каманды шайбаў не закінулі. А вось ужо ў другой дваццаціхвілiнцы гродзенцы разышліся і закінулі гаспадарам тры шайбы. Вызначыліся А.Маляўка, Стэфановіч і Баярчук. У заключным перыядзе супернікі абмяняліся закінутымі шайбамі. Спачатку Амбражэйчык размачыў лiк, а кропку ў матчы паставіў Сяргей Маляўка.
«Дынама-Маладзечна» — «Нёман» 1:4 (0:0, 0:3, 1:1)
галы:
28:44 0:1 — А.Маляўка (Коршунаў, Бадун, — бол.)
33:43 0:2 — Стэфановіч (Брыкун, Рэмезаў)
34:15 0:3 — Баярчук (С.Маляўка)
46:41 1:3 — Амбражэйчык (Журня, Шагаў)
51.43 1:4 — С.Маляўка (Коршунаў, — бол.)
Лідар турнірнай табліцы «Юнацтва» на выезде абыграла з буйным лікам «Металург» і цяпер мае ў сваім актыве 96 ачкоў, у гродзенцаў жа 92. Да плэй-оф застаецца 2 матчы, але хто зойме першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце яшчэ невядома.
Наступную гульню «Нёман» правядзе ў Гродне. У нядзелю, 19 лютага, каманда Сяргея Пушкова будзе прымаць ХК «Гомель».