У Гродзенскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы (АНТБ) адкрыўся каворкінг, дзе любы ахвотны можа арандаваць персанальнае працоўнае месца за невялікую аплату.

Для працы абсталявана памяшканне плошчай каля 50 кв.м. з нядаўна зробленым рамонтам і новай мэбляй. Каворкінг складаецца з 7 рабочых месцаў, кожнае з іх уключае стол, два крэслы і персанальны камп’ютар з усталяваным праграмным забеспячэннем і доступам да Інтэрнэту (50/10 мбіт/с). Наведнікі могуць карыстацца і ўласнымі ноўтбукамі, падключаючыся да інтэрнэту па wi-fi.

Галоўнай адметнасцю новага каворкінгу яго стваральнікі называюць пагадзінную аплату з фіксаванай цаной: 60 капеек за гадзіну працы. Аплочваецца толькі адпрацаваны час, кратны адной гадзіне. Напрыклад, папрацаваўшы 1 гадзіну 15 хвілін, неабходна аплаціць 2 гадзіны працы.

У бібліятэчным каворкінгу чакаюць усіх ахвотных. Забараняецца толькі дзейнасць, якая парушае заканадаўства.


Чытай таксама: Галоўнае не грошы, а стварыць суполку. Як працуе першы ў Гродне каворкінг


«Англійскае слова co-working перакладаецца як «сумесная праца», — тлумачыць праграміст АНТБ Андрэй. — Ідэя каворкінгу ўзнікла ў выніку развіцця фрылансу, адзін з галоўных недахопаў якога — ізаляцыя чалавека з прычыны адсутнасці працоўнага калектыву. Менавіта гэтую праблему і закліканы вырашыць каворкінг.

У каворкінгу дызайнер можа працаваць у адным пакоі з праграмістам і капірайтарам. Гэта стварае дзелавую атмасферу, якая садзейнічае павышэнню прадуктыўнасці і якасці працы. Акрамя тага, каворкінг часта бывае платным, што спрыяе дадатковай матывацыі працаваць вынікова, не праседжваючы выдаткаваныя на арэнду працоўнага месца грошы дарэмна".

16558983_1398827836858557_905679327_n

На базе бібліятэчнага каворкінгу ёсць магчымасць праводзіць мерапрыемствы: семінары, лекцыі, трэнінгі, мітапы (да 50 пасадачных месцаў). Прадстаўнікам некамерцыйных праектаў, звязаных з навукова-тэхнічнай тэматыкай, кіраўніцтва бібліятэкі можа дазволіць бясплатную арэнду залы.

Каворкінг размешчаны па адрасе: г. Гродна, вул. Горкага, 72а (Дом навукі і тэхнікі, уваход з левага тарца будынка). Час працы: панядзелак — пятніца з 9.00 да 17.00 без перапынку. Пры магчымасці і па ўзгадненні гэты час можа быць працягнуты. Месца для працы можна забраніраваць па тэлефоне: +375−33−355−50−70 (МТС).