Каля 40 чорна-белых здымкаў, знятых Наталляй Дораш у Гродне ў 70-80-ыя гады ХХ стагоддзя,  можна пабачыць на рэтраспектыўнай выставе “Асяроддзе пражывання”, якая адкрылася 2 лютага ў гродзенскім фотаклубе.

На адкрыцці выставы фотамастачка прэзентавала альбом “Гродзенскія фотагісторыі”, некаторыя здымкі з якога ўвайшлі ў экспазіцыю.

наталля дораш дорош 004

Чаму асяроддзе? Таму што гэта маё асяроддзе, гэта людзі, якія былі са мною побач, людзі, з якімі я размаўляла, працавала, жыла, – патлумачыла назву выставы Наталля Дораш. – Гэта мой асабісты погляд на любімы горад, тое, як я яго адчуваю і як ён адчувае мяне”.

наталля дораш дорош 009

Здымкі, змешчаныя ў альбоме і прадстаўленыя на выставе, фотамастачка адсканавала з плёнак, якія некалькі дзесяцігоддзяў праляжалі на антрэсолях у вясковай хаце. “Я забыла пра іх існаванне, – распавяла Наталля. – Я забыла, што здымала прадаўшчыц, прагулкі па горадзе, вуліцы. Прайшло больш за сорак год, горад амаль поўнасцю змяніўся, але плёнкі захаваліся. Вось з іх і сабралася гэтае “асяроддзе пражывання”.

Наталля Дораш прызналася, што мае падрыхтаваны матэрыял яшчэ на дзве выставы.

Убачыць фотавыставу можна па адрасе: вул. Кірава, 35, дамафон 9К.