Каля 160 удзельнікаў з 6 краін Еўропы прымаюць удзел у адкрытым першынстве Гродна па плаванні ў катэгорыі «Мастэрс». Спаборніцтвы праходзяць 28-29 студзеня ў гродзенскім «Аквацэнтры».

Гродна ўжо 7-ы раз праводзіць адкрытае першынства ў катэгорыі «Мастэрс». Сёлета на аматарскія спаборніцтвы было пададзена больш за ўсё заявак – звыш 160. Прыехалі плаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

“Мастэрс” – гэта ўзроставая катэгорыя, якая прадугледжвае ўдзел плаўцоў ад 25 гадоў і вышэй. У гэтым годзе самым узроставым удзельнікам стаў прадстаўнік Расіі, яму 83 гады.

4

“Напрамак нашых спаборніцтваў – развіццё здаровага ладу жыцця. З 2011 года мы запрашаем плаўцоў і праводзім спаборніцтвы. Першы раз было 46 удзельнікаў, зараз ужо больш за 160. Нашы спаборнiцтвы маюць статус аматарскіх, але ўдзельнічае шмат былых прафесійных спартсменаў”, – распавяла галоўны суддзя спаборніцтваў Ірына Ларычава.