Нягледзячы на плюсавую тэмпературу, дзясяткі гродзенцаў прыйшлі ў суботу 21 студзеня на снежную горку ZimaCity, каб адзначыць Міжнародны дзень абдымкаў і прыняць удзел у масавым з’ездзе з горкі на надзіманых цюбах.

Абдымацца ў гродзенцаў атрымлівалася кепска, а вось з катаннем з горкі на бясплатных цюбах ўсё было лепей. Задавальненне ад катання атрымлівалі не толькі дзеці, але і дарослыя.

Кульмінацыяй стаў масавы з’езд з горкі. Больш за 30 гродзенцаў адначасова з’ехалі са снежнай вяршыні і пасля прыняліся абдымацца.

Руслан Кучмар з дзіцём на свята трапіў выпадкова: «Мы з дачкой прыйшлі ўпершыню на гэтую горку і нам вельмі спадабалася. Дзякуй арганiзатарам, мы трапілі акурат у самы пік і вельмі задаволеныя. Адчуванні невымоўныя, я нават успомніў дзяцінства».

Арганізатары падрыхтавалі для гараджан конкурсы, сярод іх перацягванне каната на цюбах, конкурс на самы далёкі з’езд, падыманне штангі ды іншае. Лепшыя атрымалі падарункі ад спонсараў.