Першы ў Гродне ляжачы кінатэатр пачне працу вясной. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат» Юрый Аляксей.
Кінатэатр незвычайнага фармату будзе адкрыты на базе моладзевага цэнтра «Гродна». Зараз закупляецца неабходнае абсталяванне.
«Галоўная асаблівасць новага кінатэатра — магчымасць прагляду кінафільмаў лежачы. Для гэтага ў зале моладзевага цэнтра з’явяцца зручныя шэзлонгі і канапы. Тут жа будзе працаваць бар. Для аматараў класічнага прагляду ўсталюем некалькі шэрагаў зручных крэслаў», — адзначыў Юрый Аляксей. Ён падкрэсліў, што гэта не першая спроба ў Гродна стварыць кінатэатр новага фармату.
Раней былі запушчаны і паспяхова функцыянуюць начны кінатэатр і кінабар.
Юрый Аляксей адзначыў, што моладзевы цэнтр «Гродна» ствараўся на базе былога кінатэатра дзякуючы ініцыятыве моладзі рэгіёну, якая прапанавала выкарыстоўваць стары будынак у новым фармаце на конкурсе «100 ідэй для Беларусі».
І многія ініцыятывы па выкарыстанні цэнтра таксама зыходзяць ад моладзі. У новым кінатэатры будуць паказваць фільмы ў 3D-фармаце.
«Працягваюцца работы і па рэканструкцыі моладзевага цэнтра ў Шчучыне. Папярэдне, адкрыць яго для наведвальнікаў плануем летам гэтага года», — распавёў Юрый Аляксей. Там размесціцца кінатэатр, дыскатэка, кафэ, зала для гульні ў більярд і дзіцячы цэнтр вольнага часу.