Сотні гродзенцаў прынялі ўдзел у традыцыйным святкаванні Хрышчэнні Гасподняга 19 студзеня на Юбілейным возеры. У гэтым годзе гродзенцам, якія не забаяліся ледзяной вады, прапаноўвалі бясплатную лазню, гарачы чай і салдацкую кашу.
Ужо некалькі гадоў запар праваслаўны святар Сергій Цвірко моліцца на Юбілейным возеры ў свята Хрышчэння і распавядае гродзенцам, што значыць акунанне ў ваду ў гэты дзень.
«Многія прывыклі думаць, што пасля акунання ў ваду ў Хрышчэнне яны змыюць грахі. Нагадваю, што толькі пакаянне змывае грахі. Без унутранай працы знешнія водныя працэдуры новымі нікога не зробяць, можа толькі фізічна. Трохразовае акунанне дарослага чалавека раней азначала, што ён памірае для мінулага, грэшнага жыцця, і нараджаецца для новага. Няхай людзі, якія сёння апускаюцца ў ваду ў Хрышчэнне, думаюць менавіта пра гэта, пра новае і чыстае жыццё».
Пасля слоў святара і асвячэння іардані, змёрзлыя на марозе гродзенцы сталі акунацца ў ваду.
Гродзенскі дыджэй Модна (Андрэй Скрабук) распавёў, што акунаецца ўжо больш за дзесяць гадоў.
«Святар правільна сказаў, што пасля трох акунанняў можна сваё дрэннае мінулае пакінуць і пачаць новы год з чыстага ліста. Да гэтага абраду я стаўлюся вельмі сур’ёзна, бо я праваслаўны».
Не першы год на Юбілейнае возера ў Вадохрышча прыходзіць і вядомая беларуская спартсменка Вікторыя Кушнір.
«Гэта свята для мяне ўжо як традыцыя, з году ў год, на працягу сямі гадоў ныраю ў палонку і атрымліваю „гармон задавальнення“. Ці дапамагае гэта ў спорце? Упэўнена адкажу — так! Галоўнае пасля купання цёпла апрануцца і выпіць кубак гарбаты. У свеце даўно практыкуюць „ледзяныя бочкі“ пасля фізічных нагрузак. З дапамогай гэтага арганізм хутчэй аднаўляецца, інтэнсіўна выводзяцца з цягліц прадукты абмену — малочная кіслата».
Каб гродзенцы не замярзалі пасля акунання ў ваду, для іх былі падрыхтаваныя адмысловыя абагрэвачныя пункты, дзе можна было пераапранацца. Таксама працавала традыцыйная кропка з гарачай гарбатай і салдацкай кашай. Навінкай у гэтым годзе стала бясплатная лазня. Адзін прыватны прадпрымальнік прывёз сваю перасоўную лазню і прапаноўваў яе бясплатна ўсім жадаючым.