Прэмію Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» атрымалі 18 студзеня найлепшыя працаўнікі культуры вобласці - супрацоўнкі музеяў, бібліятэк, мастацкіх каледжаў, творчых калектываў. Урачыстасці адбываліся ў Малой зале Драматычнага тэатра.

Атрымалі прэмію 14 чалавек. Сярод іх Вера Белакоз, народны майстар Беларусі з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, якая захавала тэхніку падвойнага ткацтва, Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, аўтар канцэпцыі музея Аўгустоўскага канала, акцёр Драмтэатра Васіль Мініч, галоўны мастак Тэатра лялек Ларыса Мікіна-Прабадзяк ды іншыя. Уручалі адзнаку старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і удава Дубко Эма Мікіфіраўна. Дарэчы, сёлета прэмію ўручалі ўжо 19-ы раз.

Пасля афіцыйнай часткі лаўрэаты і госці маглі паглядзець выступы найлепшых танцавальных і музычных ансамбляў рэгіёна.