Прадстаўнікі Гродзеншчыны з вялікім адрывам сталі лепшымі сярод 300 фіналістаў спаборніцтваў «300 талентаў для Каралевы», што прайшлі 16 снежня ў спартыўным манежы БДУ ў Мінску. Каралева, пра якую згадваюць у назве, гэта лёгкая атлетыка — каралева спорту.
У фінале дзеці спаборнічалі ў эстафетным і бар’ерным бегу, скоках і кіданні набіўнога мяча. Прызёраў вызначалі ў кожным відзе спаборніцтваў і ў кожнай з трох узроставых катэгорый. Камандную перамогу атрымалі школьнікі Гродзеншчыны, на другім месцы каманда Мінска, на трэцім — Віцебскай вобласці.
Каляднае спартовае мерапрыемства называюць добрым стартам для будучых спартсменаў і адначасова сацыяльным праектам, бо таленавітых удзельнікаў шукалі па ўсёй Беларусі.
Цягам некалькіх месяцаў у школах пратэсціравалі больш за 200 тысяч вучняў 2−4 класаў. Лепшыя прайшлі ў наступны этап у абласных цэнтрах, а пасля былі сфармаваныя зборныя рэгіёнаў - 42 найлепшыя школьнікі ў кожнай.
Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі ў падарунак наборы: майку, шорты, заплечнік, шакалад, спартыўны дзённік і ручку, бранзалет, мяккую цацку, медалі і сертыфікат удзельніка ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, настольную гульню ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта і салодкі прыз ад Міністэрства адукацыі.
Узнагароджвалі юных таленавітых школьнікаў вядучыя спартсмены краіны, а таксама прэзідэнт Еўрапейскай атлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн.