Афрыканскія студэнты трэці год запар прыязджаюць у Гродна напярэдадні калядных святаў, каб зладзіць святочны канцэрт і песнямі дзякаваць Богу. Гродзенцы амаль не маюць шанцаў убачыць такія канцэрты, бо яны заўсёды закрытыя.
Многія афрыканскія студэнты — рэлігійныя хрысціяне, якія праслаўляюць Бога малітвамі і песнямі. Ужо тры гады яны збіраюцца ў каледжы тэхнікі, тэхналогіі і дызайну ў Гродне.
Арганізатар вечара спеваў студэнт медыцынскага ўніверсітэта Эмай кажа, што хаця многія з планаваных удзельнікаў канцэрту прыехаць не змаглі, зала каледжа была поўнай на працягу чатырох гадзін.
«Многiя з нас [афрыканскіх студэнтаў - рэд.] ходзяць у царкву, раз у год мы стараемся збірацца ў Гродне, праводзіць канцэрт, дзе праслаўляем Бога. Для нас гэта важна, бо мы вернікі», — сказаў Эмай.