Найлепш прэзентуе змест новай кнігі меркаванне бывалага рыбака, узятае за эпіграф: «Навошта выдумваць, калі і ад праўды сківіца вісне». Пачатак зімы, паводле Яўгена Бяласіна, самы час «на тэорыю, каву і абмен байкамі». Ён запрашае 21 снежня на творчую сустрэчу і прэзентацыю «Шчупакабры» ў Гродне. Апроч рыбацкіх гісторый пісьменнік прадставіць таксама кнігу вершаў, апавяданняў і перакладаў «На пераломе», што выйшла год таму, а таксама іншыя свае творы.

shchupakabra

ЧЫТАЦЬ ФРАГМЕНТ КНІГІ Ў PDF

На сустрэчы аўтар распавядзе аб выжыванні на прыродзе, аб рыбацкіх трафеях і ўловах, спосабах рабіць снасці і лавіць рыбу. Таксама пра асноўную карысць ад рыбалкі і прыроды — магчымасць адчуваць тонус жыцця і пражыць даўжэй.

podpisyi

Месцамі дзеяў кнігі сталі Зяльвянка, Нёман, Свіцязь, Прыпяць, Лясная — дзясяткі рэк і вадаёмаў радзімы і замежжа. «Шчупакабру» можна акрэсліць як новае слова, прамоўленае нашым земляком у роднай літаратуры.

Некалькі апошніх раздзелаў кнігі напісаны па матывах журналісцкіх публікацый аўтара, за каторыя Яўген прызнаны лепшым сярод журналістаў, што пішуць на экалагічныя тэмы ў Беларусі (2015).

Разам са «Шчупакабрай» Яўген Бяласін прадставіць гарадзенцам кнігу, што вышла год раней. Гэта зборнік вершаў, апавяданняў і перакладаў «На пераломе». Сам аўтар называе яго «Творам на 5 моў і 35 гадоў .»

na-peralome

У ім, поруч з перакладамі, змешчаны арыгіналы класічных твораў нямецкай і беларускай паэзіі. Кніга мае і аўтарскія вершы на некалькіх мовах, а таксама эксперыментальныя тэксты, мікратэксты і нават словы як літаратурныя творы. Зборнік «На пераломе», такім чынам, спалучае жывапіс фарбаў, фота і моў.

Гэты візіт Яўгена Бяласіна ў Гродна не першы. Пісьменнік ужо быў госцем курсаў «Мова нанова» і прадстаўляў тут кнігу «Подземелья Бреста, крепости и…», а таксама разважаў з чытачамі пра таямніцы, што могуць хаваць падзямеллі Гродна. Кнігі Яўгена таксама ўвесь час можна знайсці ў нашым горадзе. Яны прадаюцца ў «Рыбацкай краме» (БЛК, 16), кнігарнях сістэмы «Белкніга» і ў этнакраме «Цудоўня».

Сустрэча з аўтарам «Шчупакабры» пройдзе 21 снежня ў 18.00 па адрасе Будзёнага, 48а, офіс 63. Уваход вольны.