Адно з самых чаканых пераднавагодніх мерапрыемстваў Гродна адбылося ўвечары 16 снежня. Ад Савецкай плошчы да плошчы Леніна прайшло шэсце казачных персанажаў, у якім прынялі ўдзел больш за тысячу гродзенцаў. Таксама галоўны Дзед Мароз са Снягуркай ўрачыста ўключылі святочную ілюмінацыю ў цэнтры горада.
Усяго на шэсце было запрошана больш за 600 чалавек у святочных касцюмах, але па ходу руху да калоны далучаліся і звычайныя гродзенцы.
Галоўны рэжысёр шэсця Эрыка Карпейчык распавяла Hrodna.life, што сёлета арганізатары вырашылі прыслухацца да меркавання гараджан і зрабілі шэсце больш казачным.
«У гэтым годзе ў нас у шэсці прынялі ўдзел больш людзей і мы паспрабавалі ўсё-такі зрабіць больш яркае мерапрыемства, чым летась. Было шмат розных просьбаў ад гараджан, каб паменшылі колькасць тэхнікі, мы прыслухаліся. У гэтым годзе галоўны Дзед Мароз i Снягурка ў нас ехалі ў карэце. Таксама ўнікальнасцю нашага шэсця сталі замежныя студэнты. У нас быў Санта з Самалі і Снягурка з Кітая і разам з імі больш за дзесяць замежных гномаў».
Акрамя гэтага ў шэсці прынялі ўдзел Дзед Мароз i Снягурка на хадулях, цэлы аркестр, прадстаўнікі «ВелаГродна» на роварах з падсветкай і многія іншыя яркія асобы.
Адзначылася сёлетняя імпрэза і ўдзелам замежных студэнтаў, што таксама прадстаўлялі Дзеда Мароза, Снягурку ды іншых казачных персанажаў.
Галоўны Дзед Мароз, пасля ўключэння елкі на плошчы Леніна, пажадаў гродзенцам, каб яны не падалі духам ў наступным годзе, а ўвесь час былі на пазітыве. Бо харошы настрой — гэта залог поспеху, як у асабістым жыцці, так і на працы.