Кожны мог прачытаць свае альбо чужыя вершы ці заспяваць песню на літаратурна-музычным вечары, які прайшоў у актавай зале Свята-Пакроўскага сабора. Арганізаваў яго Інтэграцыйны клуб 1+1.
Удзельнікі сустрэчы, які сабралася больш за 30, чыталі вершы Пушкіна, Левітанскага, Ясеніна, Гумілёва, Крапівы, Багдановіча і іншых аўтараў. Маладыя паэты прачыталі і свае творы. Саксафаніст Аляксандр Краўчук разнастаіў літаратурны вечар музыкай Стынга, а Вольга Калмакова — выкананнем уласных песень пад гітару.
Ганна Яшына, адна з арганізатараў мерапрыемства, кажа, што асноўная мэта такіх сустрэчаў - аб’яднаць розных людзей, незалежна ад узросту, захапленняў і фізічных магчымасцяў.
«Спачатку з’явілася ідэя сацыялізаваць моладзь з абмежаванымі магчымасцямі, змяшаць яе з іншымі, — распавяла Ганна для hrodna.life. — Адразу быў крышку іншы фармат: сустракаліся раз на тыдзень, нават не ў якім-небудзь канкрэтным памяшканні, а проста хадзілі адзін да аднаго ў госці, глядзелі фільмы, гулялі па горадзе…
Потым, калі да нас далучыліся новыя людзі, стары фармат перастаў адпавядаць нашым патрабаванням. Цяпер дзякуючы Пакроўскаму сабору і асабіста айцу Аляксандру Рудзінскаму мы можам збірацца ў царкоўнай актавай зале".
Таццяна Рыжкова, ініцыятарка літаратурнага вечара, дадала: «Мне падабаецца, што кожная наша новая сустрэча непадобная да папярэдняй. Шкада, што многія баяцца прыходзіць да нас. Іх страх дарэмны, мы вельмі рады бачыць усіх…»
Сустрэчы Інтэграцыйнага клуба 1+1 адбываюцца раз у месяц, або часцей. Наступнае мерапрыемства плануецца ў перыяд з 13 па 19 студзеня.