Клуб Міжнародных студэнцкіх ініцыятыў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы SUNet (Student University Network) афіцыйна стаў часткай Міжнароднай сеткі студэнтаў па праграме абменаў Erasmus (Erasmus Student Network). Два гады працы студэнтаў-валанцёраў прынеслі вынік: Беларусь стала 40-й краінай-удзельніцай, а ГрДУ 525 секцыяй ESN.
Што такое ESN?
Міжнародная сетка студэнтаў па абмене ў рамках праграмы Erasmus (International Exchange Erasmus Student Network) з’яўляецца найбуйнейшай некамерцыйнай асацыяцыяй студэнтаў у Еўропе. ESN была створана 16 кастрычніка 1989 года для падтрымкі і развіцця студэнцкіх абменаў, афіцыйна зарэгістраваная ў 1990 годзе. У ESN уваходзіць 525 лакальных секцый у 40 краінах Еўропы, якія штогод аказваюць падтрымку амаль 200 тысячам студэнтаў.
Місія ESN — культурны абмен і прадстаўленне інтарэсаў замежных студэнтаў і студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у праграмах акадэмічнага абмену, распаўсюджванне магчымасцяў для міжкультурнага ўзаемаразумення і самаразвіцця па прынцыпе «студэнт дапамагае студэнту». Акрамя гэтага, ESN з’яўляецца важным інстытутам у сферы адукацыі ў Еўропе, чые намаганні даўно прызнаны і падтрымліваюцца як на нацыянальных, так і на агульнаеўрапейскім узроўнях.
Што дае ўдзел у ESN?
Сяброўства ў ESN дае шэраг пераваг. У першую чаргу ўдзел у дадзенай арганізацыі павышае прывабнасць і імідж ВНУ ў вачах замежных навучэнцаў і ВНУ-партнёраў, адкрывае доступ да вопыту, напрацаванаму арганізацыяй за 26 гадоў існавання.
Для студэнтаў адкрываецца магчымасць прымаць удзел у міжнародных студэнцкіх канферэнцыях і семінарах, практыкаваць замежныя мовы, усталёўваць новыя асабістыя і прафесійныя кантакты ва ўсім свеце, пастаянна ўдасканальвацца ў розных галінах навукі. З’яўляюцца новыя спосабы матывацыі валанцёраў - перспектывы кар’ернага росту ўнутры ESN, якія каціруюцца як радок у рэзюмэ ва ўсіх еўрапейскіх універсітэтах і ў многіх буйных кампаніях. Акрамя таго, ESN спрыяе інтэрнацыяналізацыі студэнтаў, якія раней не ўдзельнічалі ў праграмах акадэмічнай мабільнасці.