Прэзентацыя кліпа Мікіты Ігнаценкі на беларускамоўную кампазіцыю «Лёс» прайшла ў VIP-зале кінатэатра «Кастрычнік» 11 снежня. Тут сабраліся блізкія людзі, сябры і калегі музыкі. Гасцей чакаў не толькі паказ відэа, але і невялікі канцэрт. Таксама Мікіта распавёў, што песня, уласна, пра яго і яго гісторыю, вельмі асабістая і сапраўдная.
Мікіта Ігнаценка падзяліўся ўражаннямі ад здымак:
«Ідэю кліпа я прыдумаў, калі песня была яшчэ ў стадыі запісу. Гэта было ў траўні. Сам кліп мы знялі толькі ў кастрычніку, нягледзячы на тое, што песня была выпушчана ў пачатку ліпеня. Справа ў тым, што вельмі складана ўлавіць гэты пераходны момант, калі лета ўжо скончылася, а восень яшчэ не наступіла. І, здаецца, у нас атрымалася.
Мы паехалі на Браслаўскія азёры 15 кастрычніка. Я, Дзіма Мікалаевец і Ваня Івашка. Дзіма — аператар, працаздольнасцю якога я быў уражаны на здымках і на стадыі мантажу. Ваня, з яго словаў, — просты кіроўца. На самай справе гэта проста сціпласць. Ён і памочнік аператара, і другі рэжысёр, і тэхнік, і той, хто зняў і змантаваў відэа бэкстейджа.
На ўсю здымку у нас быў адзін цудоўны дзень. У нейкай ступені нам усе дапамаглі: пачынаючы з адміністратара гасцініцы ў Браславе, закончваючы прыродай, якая спыніла дождж менавіта ў гэты дзень. Гэта быў выдатны час, праведзены ў выдатным месцы".