Новым рэзідэнтам СЭЗ “Гроднаінвест” стала прадпрыемства “ТМХ Скандзінавіян”. Прадстаўнікі латвійскага бізнесу ў Гродне плануюць стварыць вытворчасць драўняна-модульных канструкцый, што выкарыстоўваюцца для ўзвядзення каркасных дамоў, паведамілі Белта ў адміністрацыі СЭЗ “Гроднаінвест”.

“Плануецца стварэнне вытворчасці з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання для вырабу апорных канструкцый каркасных дамоў, спадарожных вырабаў – лесвіцы, парогі, дзверы, ліштвы, інтэр’ерныя аздобныя матэрыялы. Прычым для вытворчасці будуць выкарыстоўвацца тэхналогіі, адрозныя ад тых, што прымяняюцца зараз на беларускім рынку”, – адзначылі ў СЭЗ “Гроднаінвест”.

Вытворца зацікаўлены ў супрацоўніцтве з дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі з Гродзенскага рэгіёна, іншых абласцей, а таксама з вытворцамі вокнаў, дзвярэй, іншых будаўнічых элементаў.

Як адзначае вытворца, перадумовамі для рэалізацыі праекта выступілі значны рост рынку малапавярховага драўлянага домабудавання, усё большая папулярнасць сегмента панэльна-каркасных тэхналогій, пераарыентацыя рынку загараднай нерухомасці з элітнага класа на эканомклас. Больш за 85% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт – у краіны Еўрапейскага саюза, а таксама ў Расію, Украіну і Казахстан.

Рэалізацыя праекта намечана на 2017 год. У 2018 годзе прадпрыемства плануе пачаць выпуск прадукцыі. Размесціцца вытворчасць у раёне Новай Гожы. Будзе створана каля 20 новых працоўных месцаў. Аб’ём інвестыцый перавысіць 1,5 млн еўра.