Напярэдадні Дня нараджэння «Байцоўскага клуба» ў Моладзевым цэнтры «Гродна» 30 лістапада адбылося ўрачыстае ўшанаванне і ўручэнне ўзнагарод гродзенскім спартсменам, якія паказалі добрыя вынікі ва ўсходніх адзінаборствах на працягу 2016 года.

Сярод узнагароджаных былі вядомыя прадстаўнікі клуба Дзмітрый Варац і Улад Ядэшка, якія нядаўна вярнуліся прызёрамі з чэмпіяната Еўропы.

Гродзенскі «Байцоўскі клуб» адкрылі ў будынку кінатэатра «Кастрычнік» 1 снежня 2014 года. Аб’ект абсталяваў «Гроднааблкінавідэапракат» у рамках праекта «100 ідэй для Беларусi». За два гады існавання ў сценах «Байцоўскага клуба» былі выхаваны байцы, здольныя выступаць на міжнародных спаборніцтвах з добрымі вынікамі. Зараз тут займаецца каля 200 чалавек.

Клуб i спартсменаў павіншаваў генеральны дырэктар «Гроднааблкінавідэапраката» Юры Аляксей.

«Мы ўжо не першы раз ушаноўваем лепшых у Моладзевым цэнтры. Зусім нядаўна нашы хлопцы паспяхова выступілі на чэмпіянаце Еўропы, таксама на працягу года была вялікая колькасць перамог на розных спаборніцтвах. Калi ёсць вынiк, значыць клуб развіваецца ў правільным кірунку».

3

Для спартсменаў зладзілі святочны фуршэт і падрыхтавалі сюрпрыз — гульню ў гольф.