Напярэдадні Дня нараджэння “Байцоўскага клуба” ў Моладзевым цэнтры “Гродна” 30 лістапада адбылося ўрачыстае ўшанаванне і ўручэнне ўзнагарод гродзенскім спартсменам, якія паказалі добрыя вынікі ва ўсходніх адзінаборствах на працягу 2016 года.

Сярод узнагароджаных былі вядомыя прадстаўнікі клуба Дзмітрый Варац і Улад Ядэшка, якія нядаўна вярнуліся прызёрамі з чэмпіяната Еўропы.

Гродзенскі «Байцоўскі клуб» адкрылі ў будынку кінатэатра “Кастрычнік” 1 снежня 2014 года. Аб’ект абсталяваў “Гроднааблкінавідэапракат” у рамках праекта “100 ідэй для Беларусi”. За два гады існавання ў сценах «Байцоўскага клуба» былі выхаваны байцы, здольныя выступаць на міжнародных спаборніцтвах з добрымі вынікамі. Зараз тут займаецца каля 200 чалавек.

Клуб i спартсменаў павіншаваў генеральны дырэктар “Гроднааблкінавідэапраката” Юры Аляксей.

“Мы ўжо не першы раз ушаноўваем лепшых у Моладзевым цэнтры. Зусім нядаўна нашы хлопцы паспяхова выступілі на чэмпіянаце Еўропы, таксама на працягу года была вялікая колькасць перамог на розных спаборніцтвах. Калi  ёсць вынiк, значыць клуб развіваецца ў правільным кірунку”.

3

Для спартсменаў зладзілі святочны фуршэт і падрыхтавалі сюрпрыз – гульню ў гольф.