Хакейны “Нёман” працягвае сваю пераможную серыю. На гэты раз гродзенцы ўжо ў сябе дома абыгралі аднаго з лідараў чэмпіянату – мінскае “Юнацтва”. Пераможная серыя каманды Сяргея Пушкова ўжо складае трынаццаць матчаў запар.

Гаспадары выдатна пачалі гульню, што ўласна і прынесла вынік. Ужо на 7-й хвіліне гродзенцы вялі з лікам 3:0. Чацвёртую шайбу “Нёман закінуў на 17-й хвіліне. Але праз хвiлiну “Юнацтва” здолела забіць гол прэстыжу і зрабіла гэта ў большасці.

У другім перыядзе гульня паміж супернікамі пайшла больш жорстка. Нягледзячы на вялікую колькасць кідкоў з абодвух бакоў, забіць камандам так і не ўдалося.

Старт трэцяга перыяду застаўся за “Юнацтвам”. Каманда Міхаіла Захарава хутка адыграла дзве шайбы і, здавалася, зраўняе лiк. Але зрабіць гэта мінскай дружыне гродзенцы не далі. У самым канцы матчу, пасля таго як у “Юнацтва” зняла брамніка, “Нёман” забіў пятую шайбу, якая стала кропкай у матчы.

“Нёман” – “Юнацтва” 5:3 (4:1, 0:0, 1:2)

Галы:
00.46 1:0 – Дарафееў (Пасют, Лакканен)
05.13 2:0 – Баярчук (А.Маляўка, С.Маляўка)
06.17 3:0 – Пасют (Стэфановіч, Лакканен)
17.29 4:0 – Рэмезаў (Стэфановіч, Безайс)
18.17 4:1 – Захараў (Развадоўскі, Корса, – бол.)
41.08 4:2 – Туркін (Захараў, Парфеявец)
42.33 4:3 – Захараў (Корса)
59.21 5:3 – С.Маляўка (П.В.)

Пасля перамогі над “Юнацтвам” “Нёман” ізноў узначаліў табліцу. Зараз у актыве чырвона-чорных 54 ачкі. На другім месцы ідзе “Юнацтва”, у якога на 1 ачко менш, а таксама гульня ў запасе.

Наступную гульню “Нёман” правядзе таксама ў Гродне. У суботу, 26 лістапада, гродзенцы будуць прымаць салігорскі “Шахцёр”.