Мастацкі погляд беларускіх і шведскіх мастакоў на экалагічныя праблемы адлюстраваны на выставе «Сам-насам з кліматам». Яе адкрыццё адбылося 22 лістапада ў Гродзенскай выставачнай зале ў межах афіцыйнага візіту пасла Швецыі ў Гродна.

Выстава «Сам-насам з кліматам» падрыхтавана пры падтрымцы Пасольства Швецыі і Шведскага Інстытута. Яна з’яўляецца часткай вялікага аднайменнага праекту, які распачаўся ў Швецыі яшчэ ў 2010 годзе і ахапіў за час сваёй рэалізацыі больш за 30 краін.

«Мэта праекту — сродкамі сучаснага мастацтва звярнуць увагу гледачоў на актуальную тэму экалогіі і змянення клімату, паразважаць аб ролі чалавека ў захаванні навакольнага асяроддзя і аб прынцыпах устойлівага развіцця», — адзначыў Марцін Оберг, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь.

6

Па выніках праекту «Сам-насам з кліматам» Шведскі Інстытут выпусціў ілюстраваны альбом, у якім сабраны найлепшыя карыкатуры мастакоў больш, чым з 25 краін свету, у тым ліку шасці мастакоў з Беларусі.

У межах выставы ў Гродзенскай выставачнай зале прадстаўлены таксама працы навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў, падрыхтаваныя на конкурс дзіцячага плакату «Экалагічная мазаіка», а яшчэ — фотапраект Сяргея Курылы «Чарнобыльскія эцюды».

3

Па словах фотамастака, яго здымкі - гэта «спроба паказаць тое, што ў Чарнобыльскай зоне адбываецца зараз. Прайшло 30 гадоў. Нарадзіліся новыя пакаленні. І таму стаў распаўсюджаны такі погляд, нібыта гэта ў сне, нібыта гэтая гісторыя была не з намі».

Сяргей Курыла мэтанакіравана абраў плёначны спосаб здымкі. Такая тэхніка, на яго думку, максімальна набліжана перадае тое, што адбываецца на самай справе. У знак падзякі прадстаўнікам Швецыі за салідарнасць па вырашэнні экалагічных праблем Сяргей Курыла ўручыў паслу Марціну Обергу ў якасці падарунка сваю работу.

4

Выстава «Сам-насам з кліматам» будзе дзейнічаць з 23 лістапада па 18 снежня 2016 года.

Марцін Оберг спадзяецца, што «канчатковым вынікам праекту стануць думкі ў галовах людзей, людзі задумаюцца аб клімаце і вырашаць зрабіць свой унёсак у барацьбу супраць зменаў клімату».

5

Візіт Пасольства Швецыі на Гродзеншчыну шматпланавы, уключае ў сябе наведванне прадпрыемстваў, арганізацый, органаў улады. Прадстаўнікі Швецыі ўжо ўзялі ўдзел у афіцыйных сустрэчах у гар- і аблвыканкаме і абмеркавалі накірункі супрацоўніцтва, таксама наведалі Аўгустоўскі канал. Запланаваны візіты на буйныя прадпрыемствы Гродна і вобласці, а таксама сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі гродзенскіх ВНУ, падчас якіх будуць прадстаўлены магчымасці атрымання адукацыі ў Швецыі.

23 лістапада па ініцыятыве шведскага пасольства адбудзецца прэзентацыя кнігі шведскай дзіцячай пісьменніцы Эвы Суса, а ў кінатэатры «Чырвоная зорка» пройдзе прэзентацыя фільма «Стагадовы стары, які вылез у акно і знік».

9

Марцін Оберг падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання Гродна. У Беларусі ён ужо 3,5 гады. У Гродна прыехаў у трэці раз, але ўпершыню з афіцыйным візітам. «Гэта цудоўны горад. Мне тут вельмі падабаецца, асабліва ў гістарычным цэнтры. Мая жонка, стоячы на беразе каля храма 12 стагоддзя, сказала, што гэта самае прыгожае месца Беларусі, якое яна бачыла. І сапраўды, гэтае месца цудоўнае нават у лістападзе».