Званне Праведнікаў народаў свету прысвоілі Ксеніі Цітовай, Яўгеніі Дамброўскай і Марыі Мысавай, якія пасля вайны сталі сям’ёй выратаванага. Сям’я Мысавых адмыслова на запрашэнне ізраільскай амбасады прыехала з Магілёва ў Гродна, дзе ім 21 лістапада ўрачыста ўручылі дыплом і медаль.

Дзяржава Ізраіль ад імя яўрэйскага народа працягвае аддаваць належнае тым, хто рызыкаваў сваім жыццём дзеля выратаванні яўрэяў, хоць з часоў Другой сусветнай прайшло ўжо шмат гадоў.

Гісторыя выратавання

Выратаваны Аляксандр Мысаў нарадзіўся ў Магілёве, дзе жыла яго сям’я: маці яўрэйка, бацька беларус і тры сястры. У час нямецкай акупацыі ў Магілёве стварылі гета, але маці Аляксандра Марыя прыняла хрысціянства і была ўпэўненая, што немцы яе сям’ю не крануць. Аднак у красавіку 1942 года, калі Аляксандра не было дома, па даносе суседа былі арыштаваныя ўсе члены сям'і Мысавых. Сам Аляксандр уцёк да сваёй бабулі, але і яе неўзабаве арыштавалі.

Хлопец папрасіў дапамогі ў суседзяў бабулі - Ксеніі Цітовай, якая жыла з дачкой Яўгеніяй Дамброўскай і ўнучкамі Марыяй і Iраiдай. Яны пайшлі на рызыку і хавалі суседа ў склепе да яго сыходу ў лес да партызанаў.

Пасля заканчэння вайны выратаваны Аляксандр вярнуўся ў Магілёў з 2-ой групай інваліднасці. Ён шукаў сваю сям’ю, але ўсе яны загінулі ў час Халакосту. Тады Аляксандр стаў сябрам сям'і Цітовых, а ў пачатку 1950-х ажаніўся на Марыі Дамброўскай, ўнучцы Ксеніі Цітовай. Неўзабаве ў пары нарадзіліся тры дзяўчынкі.

Праз шмат гадоў, калі ўжо няма сярод жывых самога Аляксандра, яго выратавальнікам пасмяротна далі званне Праведнікаў народаў свету. У Гродне дыплом і медаль уручалі дачцэ Марыі і Аляксандра Тамары Мысавай.

«Гэта асаблівы і вельмі важны дзень для нашай сям'і. У бацькі і маці, у параўнанні з іншымі, атрымалася такая рамантычная гісторыя. Бацька не дажыў да гэтага дня, памёр год таму. Але я дзякую ўсім, хто тут у гродзенскай сінагозе ўшанаваў сям’ю майго бацькі і маёй бабулі», — сказала на ўручэнні Тамара Мысава.

Усяго ў Беларусі званне Праведнік народаў свету прысвоена 680 чалавекам. Сярод іх 50 прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці.