Уздоўж вуліцы Савецкай пачалі ўсталёўваць металічныя святочныя аркі. Уключыць іх плануюць праз месяц — у сярэдзіне снежня.
Аўтарам навагодняй ілюмінацыі, якую ў мінулым годзе да апошняга трымалі ў вялікім сакрэце, з’яўляецца былы супрацоўнік «Гарсвятла» Канстанцін Казакоў. Год таму яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта раскрыў таямніцу святочных інсталяцый журналісту «Твайго стылю». Аднак ні знешні выгляд, ні асаблівасці канструкцыі арак на сайце не былі апублікаваныя. «Сакрэтныя» ілюмінацыі былі апісаны толькі двума словамі - «інавацыйныя аркі». Па просьбе «Гарсвятла» гэтую інфармацыю прыбралі з сайта, але дызайнера ўсё роўна звольнілі.
Цяпер Канстанцін працуе сам на сябе. Ягоныя дзевяць арак будуць як і год таму цешыць гараджан.Чым здзівіць у гэтым годзе «Гарсвятло» яшчэ не вядома. Плануецца, што ўстаноўка елак на цэнтральных плошчах Гродна пачнецца прыблізна ў 20-х чыслах лістапада. 16 снежня Дзед Мароз традыцыйна ўключыць навагоднюю ілюмінацыю.
Дарэчы, зараз у групе аўтагродна шукаюць адпаведны транспарт для Дзеда Мароза і Снягуркі - нешта незвычайнае і новае для гледачоў шэсця. Нагадаем, што ў мінулыя гады гэта былі лімузін, карэта, квадрацыкл і пазадарожнік.
Калі ў вас рэдкі аўтамабіль, апублікуйце яго фатаграфію ў спецыяльным альбоме групы аўтагродна і станьце на адзін вечар персанальным кіроўцам галоўнага Дзеда Мароза горада.