У гродзенцаў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з горадам майстроў на колах. Выстава, якая 18 лістапада пачне працу ў Музеі гісторыі рэлігіі, паказвае сродкі перамяшчэння і поўны вытворчы цыкл працы пекара, цырульніка, святара, ветэрынара, настаўніка, пажарнага, пісьменніка і нават клоўна. Гэтыя прафесіі існавалі заўсёды, але менавіта ровар у свой час здолеў зрабіць іх працу больш даступнай і хуткай.

«Гэта ўнікальная выстава, такога ў нас яшчэ не было. На выставе будуць прадстаўлены ровары пачынаючы з канца XIX і пачатку XX стагоддзяў. Усе яны арыгінальныя, не рэстаўраваліся. Пераважна гэта ровары з Італіі, прадстаўнікоў розных прафесій», — распавяла загадчыца аддзела навукова-асветніцкай працы музея Таццяна Собаль.

Усе ровары з рознымі гісторыямі. Збіраў іх на працягу 40 гадоў калекцыянер Маўрыцыа Урбiнацi з італьянскага горада Рыміні. Большасць экспанатаў выраблена ў Італіі, Англіі і Аўстрыі. Узрост самога «маладога» ровара — больш за 60 гадоў.

Дагэтуль выстава ровараў пабывала ў многіх краінах Еўропы. У Беларусі італьянскія ровары выстаўляліся раней толькі ў Мінску.