Tuzin.fm мае намер абскарджваць рашэнне аб адмове ў выдачы гастрольнага пасведчання на канцэрт гурту Dzieciuki ў судовым парадку.
На плошчы Незалежнасці, проста насупраць помніка Леніну, ва ўтульным прасторным кабінеце сядзіць Павал Вітальевіч Скалабан. Ён пастаўлены дзяржавай на адказную пасаду — пільнуе ў цэлым горадзе ідэалагічную працу, пытанні культуры і справы моладзі. Ён вырашае, якія канцэрты арганізатарам рабіць можна, а якія не, якім гуртам дазваляць выходзіць на сцэну, а якім адмаўляць. Правядзенне мерапрыемства без яго ведама караецца штрафам.
Скалабан вырашыў, што гурту Dzieciuki не месца ў беларускай музычнай прасторы, таму даў пісьмовую адмову на заяву аб правядзенні іх канцэрту ў Мінску, які меў прайсці ў межах праекту «Жывы Тузін» у студзені 2017 года. Спаслаўся на закон — пункт 5 главы 2 «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў». У ім напісана наступнае:
«Забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў:
— якія маюць на мэце ажыццяўленьне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасці;
— якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;
— з парушэннем патрабаванняў гэтага Палажэння і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў".
Ніякіх падмацаванняў сваёй думкі, абгрунтаванняў і тлумачэнняў Скалабан не прывёў, даўшы адно толькі сухую адпіску.
Адмову ў правядзенні канцэрту гурта Dzieciuki арганізатары лічаць незаконнай, бо творчасць музыкаў не парушае аніводны пункт са згаданага палажэння. Таму арганізатары будуць звяртацца ў суд, каб там галоўны ідэолаг патлумачыў, якімі прынцыпамі ён кіруецца.
Гурт Dzieciuki заснаваны ў 2012 годзе ў Гродне. Спяваюць аўтарскія тэксты на гістарычную тэматыку аўтарства Дзяніса Жыгаўца і Алеся Дзянісава. Працуюць у стылі фолк-панку. Выдалі два альбомы — «Гарадзенскі гармідар» (2014) і «Рэха» (2016). Названыя «Гуртом году» на прэміі «Героі году-2014». Актыўна гастралююць у Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славаччыне, Аўстрыі ды іншых еўрапейскіх краінах.