Паказаўшы добрую гульню на родным стадыёне, “Нёман” не здолеў узяць ачкі ў матчы з мінскім “Дынама”. Каманда Ігара Кавалевіча прайграла з лікам 3: 2 і за два туры да канца чэмпіянату усё яшчэ не забяспечыла сабе месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон.

Гродзенцы біліся і ні ў чым не саступалі свайму суперніку, але жаданага выніку дамагчыся так і не змаглі. На працягу ўсяго матчу на кожным адрэзку поля ішла жорсткая барацьба, ніхто не хацеў саступаць, бо ачкі патрэбны былі кожнай камандзе – “Нёман” вядзе барацьбу за захаванне прапіскі ў чэмпіянаце, а “Дынама” змагаецца за срэбра.

Госці хутка адкрылі лік, удалося зрабіць гэта на 6-й хвiлiне з дапамогай пенальці. Суддзя ўгледзеў парушэнне ў Касмынiна ў штрафной. Адзінаццаціметровы рэалізаваў Карыцька.

Адказ ад “Нёмана” паследаваў хутка. Філіп Рудзік на 10-й хвiлiне нечакана для брамніка гасцей з-за межаў штрафной прабіў у ніжні кут варот.

Пасля таго як “Нёман” зраўняў лік пайшла болей адкрытая і актыўная гульня з абодвух бакоў.

На 22-й хвіліне госці зноў выходзяць наперад. Пасля прастрэла ў штрафную Хвашчынскі першым апынуўся на мячы і адправіў яго ў вароты.

Праз 10 хвілін госці забіваюць і трэці мяч. Пасля розыгрышу вуглавога Курганскі нагамі адбіў мяч, а вось з дабіваннем справіцца ўжо не змог. Чалядзінскі з некалькіх метраў прабіў у перекладзiну, ад якой мяч і перасёк лінію варот.

Яшчэ да перапынку “Нёману” удалося адыграць адзін мяч, вызначыўся Бомбель.

У другім тайме гульня таксама прайшла актыўна, але без галоў, хоць момантаў для ўзяцця варот хапала як у адной, так і ў другой каманды.

Пасля матчу “Нёман”  пакідаў поле пад апладысменты заўзятараў, нягледзячы на тое, што гэта другое паражэнне запар.

“Нёман” – “Дынама-Мінск” – 2:3

Галы: 0:1 – Карыцька (7, з пенальці), 1:1 – Рудзік (10), 1:2 – Хвашчынскі (27, пас – Габоўда), 1:3 – Чалядзінскі (37), 2:3 – Бомбель (40).

На прэс-канферэнцыі замест дыскваліфікаванага Кавалевіча прысутнічаў старшы трэнер “Нёмана” Павел Бацюта, які даў зразумець, што судзействам гродзенская каманда засталася незадаволеная.

“Мы лічым што правялі нядрэнны матч, асабліва ў другім тайме. Мелі перавагу, але, на жаль, не забілі галоў. Гульня ў футбол – гэта калі гуляюць адзінаццаць на адзінаццаць. Сёння ж гулялі адзінаццаць на чатырнаццаць”.

У турнірнай табліцы “Нёман” зараз ідзе на 13-м месцы і мае ў сваім актыве 28 ачкоў. Ніжэй гродзенцаў ідзе “Нафтан” (25), “Граніт” (24) і “Белшына” (23).

Да канца чэмпіянату ў “Нёмана” застаецца два матчы з прынцыповымі супернікамі. 19-га лістапада жоўта-зялёныя згуляюць у Слуцку з мясцовай камандай, якая мае ў актыве 29 ачкоў , а 27-га ў Гродне “Нёман” будзе прымаць “Нафтан”.